Учора стала вядома, што пайшоў з жыцця Уладзімір Папковіч, аўтар некалькіх кніг паэзіі, перакладчык мастацкіх твораў з нямецкай мовы на беларускую і з беларускай на нямецкую, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябра «Віцебскага кур’ера news», інтэлігентны і надзвычай добры Чалавек са шчырай усмешкай.
Нагадваем, што развітанне з Паэтам адбудзецца ў панядзелак 12 красавіка ў зале развітанняў СВЕЧА (вуліца Броўкі, 50/4 з 18.00 да 20.00).
З Таццянай Адамян і Міхасём Цыбульскім. Фота Сашы Май
На жаль, у апошнія гады здароўе Паэта пагоршылася і ён амаль перастаў выходзіць з дому. Да гэтага ж Уладзімір Антонавіч быў частым госцем на розных літаратурных мерапрыемствах, мастацкіх выставах, на сустрэчах са школьнікамі і студэнтамі. Асабліва любіў Уладзімір Папковіч бываць у ВДУ імя П.М. Машэрава, дзе адпрацаваў на кафедры больш за 30 год, выхаваў не адно пакаленне студэнтаў, некаторыя з іх зараз працуюць выкладчыкамі ва ўніверсітэце.
Уладзімір Антонавіч неаднаразова станавіўся героем нашых публікацый і нават сам выступаў у ролі аўтара. Сёння ўспамнаем 10 цытат Паэта пра сябе, сяброў і жыццё.
З Давідам Сімановічам. Фота з уласнага архіва Уладзіміра Папковіча
Пра дзяцінства і Вялікдзень
Я нарадзіўся на самай мяжы паміж Заходняй Беларуссю (да 1939 года) і БССР на заходнім баку. Мае бацькі былі праваслаўныя і ажаніліся яшчэ да рэвалюцыі ў 1917 годзе ў Пецербургу (Петраградзе). Таму і пры Польшчы мы святкавалі Вялікдзень на расейскі лад (яйкі, пасха-пірог, паляндвіца з хрэнам). У нас гэта было найвялікшае Свята.
Пасля ўз’яднання жылі пад страхам, што могуць вывезці, потым пачалася вайна. Ужо падлеткам пасля вайны (канец 40-ых-пачатак 50-ых гадоў), пакуль Савецкая ўлада набірала сілы, на рэлігію асаблівай увагі не звярталі. Дзеці і падлеткі пасля снедання выбягалі на вуліцы, «біліся» яйкамі, чыё разбівалася, рабілася «трафеем» пераможцы. Качалі яйкі па латку, таксама былі пераможцы і тыя, хто прайграваў.
Хадзілі па вёсцы і спявалі пад вокнамі «валачобныя» песні, змест якіх мала разумелі:
Христос воскрес и двери рая
отверзлись праведным душам,
отрадна стала жизнь земная
и смерть теперь на страшна нам
Христос воскрес, Христос воскрес, Христос воскрес!
Вёсачка была маленькая і не ўсе мелі што даць валачобнікам. Тады хтосьці падаў ідэю пайсці ўсуседнюю – усходнюю – вёску Панышы, дзе людзі забыліся ўжо пра валачобнікаў, таму з радасцю сустракалі нас, хоць і адорвалі не вельмі багата. Усюды панавала пасляваенная беднасць.
Са старшынёй Віцебскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Стасяй Наркевіч. Фота Сашы Май
Пра лёс
У прыватнай размове Уладзімір Антонавіч успомінаў, як аднойчы размаўляў з перакладчыкам Васілём Сёмухам і той прапанаваў яму паваражыць.
Я дакладна не памятаю, як ён гаварыў, але ж сказаў, што ў мяне няма самаабароны супраць смерці. Гэта значыць, што я сам сабе не абараняю: як будзе, так будзе. Ён сказаў, што я неасцярожны, і гэта можа дрэнна скончыцца. Людзі майго характару доўга не жывуць.
Пра прафесію настаўніка
Мая старэйшая сястра Ніна, калі вярнулася з вайны, з сямі класамі працавала ваенруком у школе, была настаўніцай ваеннай справы. Другая сястра – Леаніла – закончыла завочна педвучылішча і ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай у школе. Брат, які закончыў сельскагаспадарчы тэхнікум, працаваў і ў калгасе, і ў саўгасе, але ж у канцы жыцця пайшоў працаваць у школу, выкладаў «труды»…
Ну, а я вымушаны быў стаць настаўнікам.
З сябрам Феліксам Гуменам. Фота Сашы Май
Пра сябе
Мабыць, гэта ў мяне ў генах, мабыць, свяшчэннікі былі недзе.. Але ж гэта больш ад мамы. Яна не цярпела, каб манілі, каб ільгалі, гэта для яе было балюча… Так і для мяне. Не выношу, калі нехта ілжэ ў вочы, балюча…
Пра Віцебск
Кажу шчыра: я залётны. Хаця жыву ў Віцебску ўжо больш за 50 гадоў. Напрыклад, я ніколі не ўжываю мясцовае слова «мальцы», яшчэ памятаю, як, калі прыехаў, здзівіўся, што тут могуць вымаўляць мяккае «р».
Пра чытачоў і беларускую мову
Зараз, праглядаючы свае паперы, я бачу, што ў васьмідзесятыя гады, калі я перайшоў ужо працаваць у інстытут, мне адкрыўся вольны шлях у прэсу і на тэлеэкран. Я пісаў і гаварыў на тэмы асветы і выхавання, літаратуры, беларускай мовы, культуры ўвогуле.
Мяне натхняюць сустрэчы з чытачамі, дзе я магу знаёміць іх не толькі са сваімі вершамі, але і з перакладамі, у асноўным з нямецкай мовы, але ёсць і з расейскай, украінскай, польскай, цыганскай. Я стараўся выкарыстаць усе магчымасці, каб прапагандаваць родную мову і літаратуру.
У гасцях у бібліятэцы ВДУ. Фота Сашы Май
Пра Давіда Сімановіча
Нас яднала любоў да літаратуры. Я разумеў, наколькі ён больш адукаваны за мяне, наколькі лепей ведае і класічную, і сучасную літаратуру, не толькі рускую і беларускую, але і замежную. Мне здаецца, што другой бібліятэкі, роўнай ягонай, у горадзе не было. Я разумеў гэта, і мне імпанавала, што ён заўсёды падкрэсліваў, што мы – сябры. Па-сяброўску ён падпісваў мне кожную сваб кніжку, якія выходзілі ў той час. Яна займаюць цяпер у мяне добрую палову паліцы ў кніжнай шафе.
Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч сябравалі. Фота з уласнага архіва Уладзіміра Папковіча
Пра Германію
У 1989 годзе ў Віцебску адбыўся ўстаноўчы сход гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Выбрана гарадская рада ТБМ. Яе старшынёй стаў дацэнт педагагічнага інстытута пісьменнік Уладзімір Папковіч. У гэтым жа годзе Паэт упершыню пабываў у Германіі, а ўжо праз два гады атрымаў ад сям’і Хайнэкэ запрашэнне.
Яно было на нас дваіх – мяне і маю жонку, Ларысу Фёдараўну. І я ўжо тады павёз пісьмо ад Давіда Сімановіча да гэра Віталі, дырэктара галерэі Шырн-гале ў Франкфурце-на-Майне наконт факсімільных фотаздымкаў дэкарацый Яўрэйскага тэатра ў Маскве. Час сустрэчы з панам Віталі быў дамоўлены, і мы пайшлі ў Шырн-хале, дзе толькі нядаўна закрылася выстава карцін Марка Шагала.
Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч у Германіі. Фота з архіва Уладзіміра Папковіча
Пра пенсію
Заўсёды рады, калі мяне запрашаюць на кафедру ці ў літаратурны музей . Проста рады пабачыцца з былымі калегамі, знаёмымі і незнаёмымі студэнтамі. Гэтая атмасфера еднасці сагравае мне душу
Часта пенсіянеры скардзяцца, што на пенсіі няма чым заняцца, людзі сумуюць. Барані мяне Бог: сілы, пэўна ж, ужо не тыя, і мазгі не так спраўна працуюць, але хочацца штосьці рабіць, быць сярод людзей, мне шмат што цікава.
Са студэнтамі ў Літаратурным музеі ВДУ. Фота Сашы Май
Пра волю
Нарадзіўся Уладзімір Папковіч 25 сакавіка – на Дзень волі. Паэт гэтым вельмі ганарыўся, казаў, што прыемна, што яго віншуюць адразу з двума святамі.
Таму і аповяд пра Паэта хацелась б закончыць вершам Уладзіміра Антонавіча, які так і называецца «Пра волю»:
Ці ў лесе, ці ў лузе, ці ў полі –
Гэта яшчэ не на волі.
Ці на спякоце, ці ў золі –
Гэта яшчэ не на волі.
На шпацыры ці ў завуголлі –
Гэта яшчэ не на волі.
Ці з песняй, ці ў дзікім скуголлі –
Гэта яшчэ не на волі.
Калі ж мы бываем на волі?
Без чыстай душы – аніколі.
Рэдакцыя «Віцебскага кур’ера news»глыбока смуткуе разам з роднымі і блізкімі Уладзіміра Антонавіча Папковіча.
Когда вы первый раз заходите с помощью соцсетей, мы получаем публичную информацию из вашей учетной записи, предоставляемой провайдером услуги соцсети в рамках ваших настроек конфиденциальности. Мы также автоматически получаем ваш e-mail адрес для создания вашей учетной записи на нашем веб сайте. Когда она будет создана, вы будете авторизованы под этой учетной записью.
Не согласенСогласен
Я разрешаю создать мне учетную запись
Когда вы первый раз заходите с помощью соцсетей, мы получаем публичную информацию из вашей учетной записи, предоставляемой провайдером услуги соцсети в рамках ваших настроек конфиденциальности. Мы также автоматически получаем ваш e-mail адрес для создания вашей учетной записи на нашем веб сайте. Когда она будет создана, вы будете авторизованы под этой учетной записью.