Барыс Хамайда на волі. Суд не прыняў ягоную справу да разгляду
З віцебскага ІЧУ адпусцілі найстарэйшага віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайду. Ён быў затрыманы 25 жніўня ў будынку суду Кастрычніцкага раёну, калі прыйшоў туды на адкрыты судовы працэс. Падставай для затрымання стаў медальён з Пагоняй, які спадар Хамайда адмовіўся зняць, калі на гэтым пачалі настойваць супрацоўнікі міліцыі.
Медальён з Пагоняй віцебскі актывіст носіць ужо не першы год. З ім ён прыйшоў і на судовы працэс журналісткі Таццяны Матвеевай, якую судзілі за несанкцыянаванае пікетаванне. Той самы міліцыянт Уладзіслаў Шышкавец, які складаў адміністрацыйны пратакол на журналістку, угледзеў прыкметы правапарушэння і ў знешнім выглядзе спадара Барыса. Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС загадаў зняць медальён, а калі Барыс Ханонавіч адмовіўся, то выклікаў службовы аўтамабіль, і актывіста затрымалі.
Мінулую ноч Хамайда правёў у ІЧУ, на яго таксама склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне. Суд мусіў адбыцца 26-га жніўня, аднак матэрыялы адміністрацыйнай справы да судовага разбору не прынялі. Паводле Барыса Хамайды, з суду патэлефанавалі ў ІЧУ і сказалі яго адпусціць. Дакументы справы, як патлумачыў актывіст, будуць вернутыя ў міліцыю на дапрацоўку.
На думку актывіста, абвінавачанне ў несанкцыянаваным пікетаванні з выявай Пагоні на медальёне з’яўляецца беспадстаўным. Пагоня не ўваходзіць у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, і больш за тое – гэты сімвал прысутнічае на гербе Віцебскай вобласці і шэрагу іншых гарадоў Беларусі.
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!