Барыс Хамайда падаў скаргу ў міліцыю. Упершыню з 1997 году

Автор:
Опубликовано:
3
Май
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебск Политика


Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда лічыць, што супрацоўнікі аддзелу міліцыі Чыгуначнага раёну парушылі ягоныя правы, калі 26-га красавіка забралі ў пастарунак і ўтрымлівалі там 4 гадзіны. Прычым увесь гэты час старшы лейтэнант Шушкевіч даводзіў Хамайду, што той ладзіў несанкцыянаванае пікетаванне, калі распаўсюджваў беларускую літаратуру.

Апазіцыянер звярнуўся да начальніка Чыгуначнага РАУС з пытаннямі, на якой падставе яго падначаленыя парушаюць беларускае заканадаўства.

Барыс Хамайда лічыць, што яго затрымлівалі незаконным чынам: грамадзяне, якія да яго звярнуліся, былі ў цывільным, не назвалі сябе, не паказалі службовых пасведчанняў, а толькі загадалі ехаць з імі ў пастарунак. Актывіст кажа, што не стаў спрачацца толькі таму, каб не правакаваць ніякіх эксцэсаў і абвінавачанняў у непадпарадкаванні. Ён адзначае, што ніякай фіксацыі падзеяў не адбывалася, і толькі са словаў гэтых двух грамадзянаў у цывільным вынікала, нібыта ён ладзіў несанкцыянаваны пікет.

У райаддзеле міліцыі версію пра несанкцыянаванае пікетаванне яму працягваў выкладаць старшы лейтэнант Шушкевіч. Але ён не здолеў адказаць Барысу Хамайду на пытанне, у якім дакуменце напісана, што распаўсюд беларускай літаратуры – гэта пікет. Адказ «Закону з сабой у мяне няма, але дастаткова маіх слоў» апазіцыянер лічыць пустой адгаворкай. Ён падкрэслівае, што ніколі не адмаўляў удзелу ў нейкіх акцыях, калі насамрэч іх праводзіў. Але ў тым выпадку затрыманне ён лічыць незаконным, і таму ўпершыню за амаль 25 гадоў апазіцыйнай дзейнасці патрабуе тлумачэнняў ад міліцыі.

На думку Барыса Хамайды, яго беспадстаўна трымалі ў Чыгуначным РАУС 3 гадзіны 57 хвілін, тым болей, што за гэты час не склалі ніводнага працэсуальнага дакументу. Ён просіць начальніка райаддзелу міліцыі адказаць, чаму супрацоўнікі лічаць гэта нормай. І яшчэ раз звяртае ўвагу на тое, што 26 красавіка ён усяго толькі распаўсюджваў беларускую літаратуру – легальныя выданні, а таму не разумее, дзе ў ягоных дзеяннях міліцыянты ўбачылі пікет.

Віцебскі апазіцыянер нагадвае, што ў 2021 годзе было некалькі падобных затрыманняў, калі яго забіралі ад «сіняга дому», дзе ён распаўсюджваў беларускую літаратуру. Аднак міліцыянты праводзілі праверку і давалі пісьмовыя адказы, што няма падставаў для адміністрацыйных справаў. Аднак сёлета супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС раптам звярнулі ўвагу на жоўта-блакітную стужку, якая ўжо некалькі гадоў была павязаная на століку распаўсюдніка. У рэчах Барыса Хамайды знайшлася яшчэ адна стужка, бел-чырвона-белая, і на гэтай падставе актывіста абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні і прысудзілі арышт на 20 сутак. Аднак падчас затрымання 26 красавіка пры ім не было нічога, апрача кніжак.

vitebskspring.org

«Павярнуўся спінай да суддзі». Барыс Хамайда адбыў 20 сутак арышту за пікет, якога не было

 

Метки: , , ,
Комментарии: