Беларусы на «крытай»: як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях

Автор:
Опубликовано:
12
Апрель
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Беларусь Политика


Кожны дзень яшчэ некалькі соцен палітзняволеных таксама сутыкаюцца з адвольнымі пазбаўленнямі перадач, спатканняў і званкоў. Некаторых з іх працягваюць змяшчаць у ШІЗА, ПКТ і карцары. Таму распавядаем, якія абмежаванні ўжываюцца ўладамі ў адносінах да палітычных вязняў, каб пагоршыць ім умовы ўтрымання.

Якія дысцыплінарныя спагнанні выкарыстоўваюць у калоніях супраць вязняў?

Амаль штодзённа праваабаронцам паведамляюць пра тое, што адміністрацыя розных папраўчых установах выносіць адміністрацыйныя спагнанні супраць палітвязняў. Супрацоўнікі адміністрацыі выкарыстоўваюць розныя «надуманыя» прычыны для гэтага: бруднае адзенне ці абутак, незашпілены гузік на каўняры, няправільнае вітанне з прадстаўніком адміністрацыі, няголенасць і многае іншае. Як паказвае практыка, палітвязняў спачатку пазбаўляюць званкоў, спатканняў і перадач, якіх, згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам (КВК), і так прадастаўляецца няшмат. Потым адміністрацыя папраўчых установаў пераходзіць да больш жорсткіх пакаранняў: ШІЗА і ПКТ.

Штрафны ізалятар у калоніях падобны да звычайнай турэмнай камеры, дзе «шконка» (ложак) адшпільваецца толькі на ноч і ніякіх асабістых рэчаў браць з сабой нельга. Вязням у ШІЗА забараняюцца працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні, тэлефонныя размовы, у тым ліку з выкарыстаннем сістэм відэасувязі, набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, атрыманне пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў, адпраўленне і атрыманне лістоў, карыстанне настольнымі гульнямі і паленне. Пасцельныя прыналежнасці ім таксама не выдаюцца, на шпацыры не выводзяць (згодна з п. 1 арт. 114.КВК). Пры пераводзе ў ізалятар зняволеным выдаюць спецыяльнае адзенне, на якім вялізарнымі літарамі напісана «ШІЗА». Максімальны тэрмін змяшчэння вязня ў ізалятар — 10 сутак. Каб утрымліваць вязняў там як мага больш, адміністрацыя складае некалькі пратаколаў запар.

Памяшканне камернага тыпу (ПКТ) — спецыяльнае памяшканне, у якім утрымліваюцца асуджаныя да пазбаўлення волі, пераведзеныя ў парадку спагнання за злосныя парушэнні вызначанага парадку адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях. Вязняў закідваюць туды тэрмінам да шасці месяцаў за «сістэмныя парушэнні». Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасці месяцаў і мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін. Таксама вязням дазволенае ліставанне, аднак яно часта беспадстаўна блакуецца цэнзарам. Гэтыя абмежаванні тычацца і вязняў, якіх змяшчаюць у адзіночную камеру. Да асуджаных, пераведзеных у ПКТ, могуць ужывацца ўсе меры спагнання, акрамя пераводу ў ПКТ (згодна з п. 8 арт. 113 КВК). Напрыклад, пераводзіць з ПКТ у штрафны ізалятар. Пры гэтым, тэрмін знаходжання ў ШІЗА не залічваецца ў тэрмін змяшчэння ў ПКТ.

Каго лічуць «злосным парушальнікам рэжыму»?

Паводле заканадаўства, злосным парушальнікам рэжыму прызнаюць вязня, які за адпаведны перыяд здзейсніў адразу некалькі парушэнняў вызначанага парадку адбыцця пакарання. А менавіта, калі ў яго ёсць не меней за:

чатыры вымовы ці чатыры пазачарговыя дзяжурствы па прыбіранні памяшканняў ці тэрыторыі папраўчай установы;

тры спагнанні, адно з якіх — пазбаўленне чарговай пасылкі ці перадачы, а таксама пазбаўленне чарговага працяглага ці кароткатэрміновага спаткання;

два спагнанні, адно з якіх — змяшчэнне асуджанага ў ШІЗА.

На падставе шматлікіх спагнанняў адміністрацыя папраўчай калоніі праводзіць атэстацыю, па выніках якой звяртаецца ў суд з патрабаваннем аб пераводзе вязня ў «крытую» або аб змяненні ўмоваў рэжыму (напрыклад, з агульнага на ўзмоцнены).

Апошнім часам, практыка пакарання вязня ШІЗА ці ПКТ выкарыстоўваецца для далейшага ўзмацнення рэжыму і пераводу на турэмны рэжым у так званую «крытую турму», або ўзбуджэння новай крымінальнай справай за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. Гэта два самых жорсткіх дысцыплінарных пакарання, прадугледжаныя законам.Як караюць палітвязняў за «сістэматычныя» парушэнні?

Перавод на турэмны рэжым

Турэмны рэжым — гэта камерныя умовы ўтрымання, дзе, у адрозненні ад калоніі, вязні ўвесь час сядзяць у чатырох сценах. У камерах людзі гадамі могуць сядзець у рэжыме 24/7 з аднымі і тымі ж людзьмі ў колькасці ад трох да дванаццаці чалавек.

У «крытай» ёсць два рэжымы: строгі і агульны. Адразу пасля прыбыцця ў турму вязень трапляе на строгі турэмны рэжым, а на агульны яго могуць перавесці толькі праз паўгода (па рашэнні начальніка ўстановы). На строгім рэжыме не могуць утрымлівацца цяжарныя жанчыны і тыя, якія маюць пры сабе непаўнагадовых, дзяцей, а таксама асуджаныя, якія маюць інваліднасць І і ІІ групы.

Гэты рэжым прадугледжвае максімальную колькасць абмежаванняў для асуджанага. Пры гэтым, у правілах унутранага распарадку гаворка ідзе толькі пра тое, што ім дазволена, то бок усё астатняе ім забаронена.

На агульным турэмным рэжыме дазваляецца атаварвацца на дзве базавыя велічыні; мець два кароткатэрміновыя спатканні ў год; атрымліваць адну пасылку ці перадачу і дзве бандэролі ці два дробныя пакеты ў год; штодзённа шпацыраваць ва ўнутраным дворыку працягласцю да паўтары гадзіны. На строгім турэмным рэжыме дазваляецца атаварвацца на адну базавую велічыню; мець адно кароткатэрміновае спатканне ў год; атрымліваць адну бандэроль ці адзін дробны пакет ў год; штодзённа шпацыраваць ва ўнутраным дворыку працягласцю да адной гадзіны.

Але і ўсяго гэтага адміністрацыя турмы можа пазбавіць за «парушэнні». Ціск на зняволеных не сканчваецца нават пасля ўзмацнення рэжыму. Так, напрыклад, палітвязня Мікіту Емяльянава ўжо ў магілёўскай турме №4 часта змяшчалі ў ШІЗА, дзе ўтрымлівалі больш за месяц, і пазбаўлялі спатканняў і званкоў. Акрамя гэтага, за шматлікія «парушэнні» ўжо ў «крытай» на палітвязня завялі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.

Рашэнне аб узмацненні рэжыму прымае суд. У «крытую» вязня могуць адправіць толькі да трох гадоў, таму, калі тэрмін пакарання больш, то пасля турмы зняволенага вяртаюць у калонію на той рэжым, які першпачаткова быў прызначаны судом. Адміністрацыя турмы збірае дакументы, якія нібыта пацверджваюць парушэнне рэжыму вязнем, і перадаюць іх у суд. Пасля гэтага зняволеных этапуюць з калоніі ў «крытую» турму, якіх у Беларусі тры: гарадзенская турма №1, магілёўская турма №4 і жодзінская следчая турма №8.

Крымінальная справа за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі 

Згодна з Крымінальным кодэксам да адказнасці па артыкуле 411 КК прыцягваюцца тыя вязні, якім цягам года за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання прызначалі дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе перавода ў ПКТ, адзіночную камеру або ў «крытую» турму. Па гэтым артыкуле зняволеных могуць асудзіць да пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года, а за асабліва небяспечны рэцыдыў — да 2 гадоў.

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка даўно звяртае ўвагу на тое, што практыка пакарання па арт. 411 Крымінальнага кодэкса зняволеных за тыя ж правіны, за якія яны ўжо панеслі дысцыплінарнае пакаранне, парушае шырока вядомы прынцып «non bis in idem», які азначае, што ніхто не павінен двойчы несці пакаранне за адно дзеянне. Таму гэта супярэчыць як Крымінальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, так і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.Праваабаронцы шмат гадоў змагаюцца за тое, каб выключыць артыкул 411 з Крымінальнага кодэкса. Па ім улады караюць вязняў, якія здзейснілі дысцыплінарныя парушэнні ў папраўчых установах, але, пры гэтым, ужо панеслі за іх пакаранне ў выглядзе ШІЗА або ПКТ.

Апроч усяго, спагнанні за парушэнні накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній — супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў. Таму ў адносінах да зняволеных гэта часта з’яўляецца адвольным і не адпавядаючым цяжару правіны прыцягненнем да адказнасці.

З практыцы вынікае, што тэрмін палітычнага зняволенага залежыць не толькі ад выраку суда, але і ад жадання супрацоўнікаў МУС як мага больш пагоршыць умовы адбыцця тэрміну, у тым ліку і падоўжыць яго.

vitebskspring.org

У Віцебску ахвотным прапануюць арандаваць райаддзел міліцыі

Метки: ,
Комментарии: