“Бягучы год стане для ўсіх іспытам на выжыванне”
Так выказаўся дырэктар сельгаспрадпрыемства ААТ «Прудзінкі» Верхнядзвінскага раёна Васіль Краснік. Ён адзначыў, што знешнія эканамічныя санкцыі не могуць не паўплываць на работу сельскагаспадарчага комплексу. Таму ўжо сёння неабходна вызначыць стратэгію і тактыку гаспадарчай дзейнасці.
У ААТ «Прудзінкі» падвялі вынікі працы за 2022 год і азначылі планы на бягучы, які абяцае быць вельмі няпростым у пошуку эфектыўных шляхоў развіцця. Піша сайт раённай газеты “Дзвінская праўда”.
Кіраўнік сельгаспрадпрыемства спыніўся і на якасці работ, якія праводзяцца і прывёў прыклады, калі можна было мінімізаваць страты ў полі. Паводле Красніка, увага механізатараў завострана на эканоміі паліва. На яго набыццё ў мінулым годзе было выдаткавана 1293 тыс. рублёў.
Для паспяховай работы ў бягучым годзе ўжо цяпер гаспадарка вызначаецца са структурай пасяўных плошчаў, займаецца ўнясеннем угнаенняў, ачысткай і пратручваннем насення, якое будзе рэалізавана таксама і гаспадаркам раёна.
— Наперадзе ў нас вельмі сур’ёзная і напружаная работа, — сказаў Васіль Краснік сваім падначаленым. Перад імі стаіць задача атрымаць не менш як 7481 т збожжа, 360 — бульбы, 720 — алейнага семя рапсу, нарыхтаваць кармоў не менш як 9950 тон кармавых адзінак.
Кіраўнік сельгаспрадпрыемства адзначыў, што бягучы год стане для ўсіх іспытам на выжыванне: «Цяпер у нас няма лёгкага хлеба, ён даецца паўсядзённай напружанай працай. Усё залежыць толькі ад нас».
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!