Гомельскі праваабаронцу Леаніда Судаленку этапавалі ў Віцебскую калонію

Автор:
Опубликовано:
28
Январь
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Беларусь Политика



Палітзняволены праваабаронца Леанід Судаленка 26 студзеня 2022 года быў пераведзены ў выпраўленчую калонію №3 «Віцьба». 14 студзеня Гомельскі абласны суд адхіліў апеляцыйную скаргу праваабаронцы і пакінуў прысуд у сіле. Тут ён павінен адбываць пакаранне ў тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Леанід Судаленка – старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна», праваабаронца з 20-гадовым стажам аказання дапамогі ў аднаўленні парушаных правоў грамадзянаў. Ён дапамагаў у падрыхтоўцы і накіраванні шматлікіх індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН супраць Беларусі.

На працягу 2020 года Леанід Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу пры абскарджанні пастаноў, вынесеных судом за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах, якія адбываюцца ў Гомелі пасля выбараў прэзідэнта.

Быў затрыманы раніцай 18 студзеня 2021 па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Крыху раней у грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс «Гомельскай Вясны», адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся Леанід Судаленка. Пасля ператрусу яго даставілі ў УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама правялі ператрус у яго доме.

21 студзеня быў пераведзены ў СІЗА, Леаніду прад’явілі абвінавачванне.

3 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля распачаўся працэс над праваабаронцам “Вясны” Леанідам Судаленкам і валанцёркамі арганізацыі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка. Суддзя Сяргей Салоўскі вынес пастанову, якой вырашыў праводзіць суд у закрытым пасяджэнні на працягу ўсяго разбіральніцтва.

3 лістапада 2021 суддзя Салоўскі асудзіў Леаніда Судаленку да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

14 студзеня 2022 у судзе Гомельскага раёна ў закрытым рэжыме разгледзелі апеляцыйную скаргу. Суддзя Мікалай Маратаеў вырашыў, што прысуд вынесены справядліва, а довады абвінавачаных, выкладзеныя ў скарзе, задавальненню не падлягаюць.

Леанід Судаленка 26 студзеня 2022 быў этапаваны ў папраўчую калонію №3.

За сваю праваабарончую дзейнасць быў удастоены прэстыжнай французскай прэміі «Свабода-Роўнасць-Братэрства» ў 2019 годзе. У тым жа годзе беларускай праваабарончай супольнасцю ён быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Праваабаронца года».

vitebskspring.org

Затрымалі віцебскага актывіста Міколу Качурца

 

Метки: ,
Комментарии: