Крымінальная справа за відэаздымкі вайсковай тэхнікі на Аршанскім вакзале
Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу супраць 26-гадовага хлопца, які зняў на відэа эшалон вайсковай тэхнікі. Пасля таго, як гэтае відэа з’явілася ў інтэрнэце, жыхара Оршы затрымалі за садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці, і паводле ч.1 арт.361-4 Крымінальнага Кодэксу яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Пра гэты інцыдэнт, не называючы імя фігуранта крымінальнай справы, паведаміла дзяржаўная віцебская гарадская газета «Віцьбічы», надрукаваўшы нататку афіцыйнай прадстаўніцы УСК па Віцебскай вобласці Аксаны Лазько.
Фармальна, любыя цягнікі, у тым ліку з вайсковай тэхнікай, здымаць не забаронена. Аднак аршанца абвінавацілі за факт адпраўкі відэа на «экстрэмісцкі» інтэрнэт-рэсурс. Відавочна, што тэкст, размешчаны на сайце дзяржаўнай «Аршанскай газеты», мае на мэце зусім не інфармаванне чытачоў: хутчэй наадварот, бо інфармацыю аб перасоўванні вайскоўцаў і тэхнікі у Беларусі прыхоўваюць. Хутчэй артыкул разлічаны на запалохванне гараджан, якім яшчэ да суду паведамляюць пра патэнцыйнае жорсткае пакаранне затрыманага аршанца.
Сутнасць ягонай правіны выкладаецца трафарэтна: маўляў, хлопец прызнаўся, што быў падпісаны на розныя «экстрэмісцкія Telegram-каналы», дзе бачыў падобныя здымкі. І калі ён сам убачыў перасоўванні вайсковай тэхнікі ў раёне станцыі «Орша-Цэнтральная», то зняў відэа і адправіў яго «экстрэмістам».
Вобраз затрыманага хлопца прадстаўніца УСК імкнецца намаляваць у выключна негатыўным святле, згадаўшы, што ён не мае афіцыйнага працаўладкавання, а ў мінулым быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за крадзеж. Гэтыя падрабязнасці павінны стварыць у чытачоў уражанне, што здымаць вайсковую тэхніку на відэа, каб пераслаць яго ў «экстрэмісцкія Telegram-каналы» можа толькі чалавек з «сумнёўнай біяграфіяй».
Паказальна, што прадстаўніца УСК не канкрэтызуе, у якім напрамку рухаўся эшалон з вайсковай тэхнікай і ці былі гэта мясцовыя манеўры або перанакіраванне ўзбраення для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны.
Што да падобных затрыманняў за здымкі вайсковай тэхнікі, то яны здараюцца перыядычна. Прыкладам, улетку мінулага году у садзеянні экстрэмізму быў абвінавачаны 33-гадовы жыхар Калінкавічаў, які даслаў у Telegram-каналы паведамленні з відэа — і фотаздымкамі тэхнікі, транспартных сродкаў і згадкамі пра маршруты руху ваенізаваных падраздзяленняў па вуліцах і аўтамабільных дарогах Гомельскай вобласці.
30 базавых за аватарку з Паўлам Севярынцам і бел-чырвона-белай стужкай
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!