На ўспамін пра Зоф’ю Савельеўну Глот… Душа Прыдзвіння

Автор:
Опубликовано:
23
Июнь
2020
Комментарии: 2 комментария
Рубрики: Авторы Жизнь


На ўспамін пра Зоф’ю Савельеўну, якая 23 чэрвеня магла б адсвяткаваць свій чарговы дзень народзінаў. Але  17 лютага 2020 года яе душа адляцела да Госпада, пакінуўшы нам сваё цяпло, натхненне і песню.

Гэты шчыры і вельмі кранальны артыкул напісала Марына Булатоўская. Прапануем нашым чытачам аповед цалкам.

Рэдакцыя «Віцебска кур’ера news» далучаецца да спучванняў родным і блізкім Зоф’і Савельеўны Глот.

“Абуджаць у людзях любоў да роднага слова, да свайго краю, яго традыцый і культуры – вось маё пакліканне”

Зоф’я Глот падчас працы на “Славянскім базары”

Душа Прыдзвіння – Зоф’я Савельеўна Глот, у дзявоцтве — Семенас. У Віцебску падчас “Славянскага базару” вам, хіба, неаднойчы даводзілася бачыць у горадзе майстроў гэтую прыгожую, каларытную, ужо сталую жанчыну з усмешыстымі бяздоннымі блакітнымі вачыма, у народным строі і …за кроснамі. Справа ў тым, што яна ткала рушнік, гэтаксама як рабіла яе матуля і сёстры, уплятаючы ў яго ніткі лёсу, беларускую песню, сакавітую мову і чароўны містычны сусвет жанчыны-беларускі. Яна абавязкова прапаноўвала мінакам самастойна выткаць кавалачак рушніка, дапамагала адолець няпростую задачу і распавядала, як гэта лацвей робіцца на яе старадаўняй ткацкай прыладзе — кроснах.

Зоф’я Савельеўна з бацькамі — Ксавэрам і Стэфанідай

Існуе народнае назіранне, што дзеткі, продкі якіх паходзілі з розных куточкаў гэтага свету, надзіва таленавітыя і разумныя. Мяркуем, яно так. Яе матуля мае польскія карані, нарадзілася ў Латвіі, тата – беларус літоўскага паходжання, дзядуля і бабуля – літоўцы, а яна, Зоф’я, — інтэлігентная, шчырая, апантаная, неверагодна таленавітая сапраўдная беларуска, дзіцяці гэтай зямлі.

Зоф’я Семенас-Глот у маладосці

Бацькі Зоф’і, Ксавэр і Стэфаніда Семенас, спаткаліся ў Рызе. Лёс скіраваў іх на Беларусь, а ў той самы час, паводле ўмоваў Рыжскага міру, мяжа паміж краінамі зачынілася. Сям’я мусіла застацца жыць тут, на хутары Ігнаполле, на Глыбоччыне. З цягам часу на свет з’явіліся чацвёра дачушак. Старэйшая – прыгажуня Браніслава, памерла ў 18 год. Сярэдняя- Генавэфа – пакінула сіротамі траіх дзетак. Малодшыя – Леантына і Зоф’я- трымаліся за жыццё моцна, і жыццё трымала іх у адказ.

Сёстры Семенас — Геня, Броня, Лёня i Зоська

Любоў да працы – з сям’і, майстэрства – ад маці

У сям’і Семенас усё будавалася на любові і клопаце. У памяці Зоф’і на ўсё жыццё засталіся ўспаміны пра светлыя святы Вялікадня і спевы за святочным сталом на польскай і літоўскай мовах. Яе матуля цудоўна валодала латышскай, нямецкай і, вядома, беларускай мовамі, але, з павагі да таты, да яго продкаў, вывучыла таксама і літоўскую. Стэфаніда Феліксаўна паводле ўласнага жадання навучала вясковых дзяцей. Яна, між іншым, была маладзейшаю за свайго мужа на 10 год. Ксавэр Семенас разумеў гэта, і кожны тыдзень вёў маладую жонку на танцы, такім чынам выказваў да яе любоў і павагу. А кавалерам ён быў цудоўным, таксама, як і таленавітым артыстам. Ксавэр, разам са сваім сябрам Голерам, удзельнічаў у першай тэатральнай трупе Ігната Буйніцкага, які, варта зазначыць, нарадзіўся непадалёк.

У той час на Глыбоччыне не было ніводнай хаты, дзе б жанчына не ўмела прасці і ткаці за кроснамі. Маці Стэфаніда была выдатнаю майстрыхай, навучала сакрэтам ткацтва сваіх дачушак. І не толькі ткацтву. Каля яе маленькая Зоф’я дасканала вывучыла нямецкую мову і ў старэйшых класах самастойна выкладала яе школьнікам.

Зоф’я Семенас-Глот у маладосці

Вайна не абмінула і іх старонкі. Зоф’я прыгадвала, як, малыя і неразумныя, яны з сястрычкай выправіліся ў суседнюю вёску, дзе жыла неверагодная прыгажуня-дзяўчынка, з даўгімі белымі валасамі, якую ўсе клікалі Русалкай, паглядзець, чаму людзі лямантуюць. І ўбачылі тое, што назаўжды засталося пякучым жалем у іх сэрцах. Нямецкія салдаты ставілі людзей ля траншэі і расстрэльвалі. А потым вырашылі “пагуляць”– страляць праз аднаго. Сёстры спадзяваліся да апошняга, што Русалачка застанецца жывою. Але чарга вырашыла іначай. Малады салдат падышоў да яе, узяў за падбародззе, памацаў валасы і … стрэліў! Малыя не маглі паверыць, што і такую прыгажосць можа чакаць смерць.

Кросны і вершы

Але вайна скончылася, і варта было жыць далей. Дзесяцікласніца Зоф’я, выкладчыца нямецкай мовы ў школцы, лёгка паступае ў Інстытут замежных моваў у Мінску, але запрашэнне губляецца дзесь на пошце. Тым часам, ёй прапануюць багата прадметаў у Празароцкай школе: чарчэнне, малюнак, спевы, мова, фізкультура. Яна бярэцца выкладаць усё. І толькі калі прыязджае ў Менск забраць атэстат, даведваецца, што прынятая, але кінуць сваіх вучняў і ганаровую справу ў школцы не адважваецца. Наогул, Зоф’я Савельеўна не з тых, хто кідаў распачатае, яна гэтаксама няздольная была і падмануць чаканні людзей. А ўсё ж такі беларуская мова вабіла дзяўчыну наймацней. Менавіта па-беларуску напісаныя ўсе яе вершы. Праз колькі год Зоф’я – навучэнка філалагічнага факультэта БДУ, у яе на курсе вядзе заняткі сам Ніл Гілевіч. У якасці дыпломнай працы, Зоф’я, з дапамогай сяброўкі-мастачкі, выдае зборнік уласных вершаў на беларускай мове. І атрымлівае высокую адзнаку. Ніл Гілевіч раіць Зоф’і абраць сцяжыну паэткі, але яна адмаўляецца: “Лепш, чым Ніл Гілевіч ці Максім Танк, я ўсё-адно ніколі не напішу. Абуджаць у людзях любоў да роднага слова, да свайго краю, яе традыцый і культуры – вось маё пакліканне, мне патрэбна выкладаць.”

Маці Зоф’і Глот — Стэфаніда

Гэтак яно і сталася. Амаль пяцьдзесят год выкладчыцкага стажу. Акром таго, Зоф’я Савельеўна не пакінула справы сваёй матулі. Яшчэ больш – яна здолела навучаць ёй іншых. Пры школках, цэнтрах рамёстваў, яна заўжды зладжвала гурток па ткацтве на кроснах. Яе занятак — не проста навучанне ткацкаму майстэрству, гэта знаёмства з беларускім этна-космасам. Да апошніх год Зоф’я Савельеўна з’яўлялася кіраўніцай двух ткацкіх гурткоў для дзетак і дарослых пры “Задзвінні”, а таксама ў Цэнтры рамёстваў у Бабінічах, куды ледзь не кожны дзень самастойна везла ўсе неабходныя для справы матэрыялы. Яе натхнёнасці і бескарыслівасці не знойдзеш аналагаў. Калі яна ўпадабае чалавека, то адразу падорыць яму свой твор: рушнік, ці сурвэтку, ці нават… кашулю, вытканую ўласнаруч. Гэткую кашулю, зробленую рукамі Зоф’і Савельеўны і аддадзеную проста ў падарунак, зараз носіць артыст Коласаўскага тэатра Юрась Цвірка.

Зоф’я Савельеўна – жонка, матуля трох дзетак, бабуля трох унукаў, унучкі і праўнука. І на ўсіх ёй заўжды хапала ўвагі. Дачка Зоф’і Савельеўны – Лілія Кернажыцкая, даследчыца ранняга беларускага фальклору, былая выкладчыца ВДУ імя П.М.Машэрава. Другі сынок таксама падтрымаў і загарэўся цікаўнасцю матулі – ён тчэ рушнікі і навучае майстэрству дзяцей. Старэйшы сын усё сваё жыцце зберагае памяць аб Ніле Гілевічы, які у дзяцінстве падараваў яму сваю кніжку “Сцяжок на мачце”. Унукі навучыліся ткаць, яны улюбёныя у родную беларускую мову.

“Душа Прыдзвіння” Зоф’я Савельеўна Глот

З народзінамі Вас, Зоф’я Савельеўна!

23 чэрвеня Зоф’я Савельеўна Семенас-Глот зазвычай святкавала народзіны. Менавіта дзеля гасцей яна ўласнымі рукамі і за ўласныя сродкі адрамантавала домік на Глыбоччыне, які некалі выкупіла, бо не магла жыць без водару родных мясцін. Гэта быў пэўны цэнтр народнай культуры. Мясцовыя жыхары вёскі Карасі ўспамінаюць святы, якія ладзіла Зофья Савельеўна з мясцовымі дзеткамі. Прыязджалі госці, былі сапраўды шчырыя словы захаплення і падзякі, бо такі чалавек насампраўдзе варты іх. І як хораша, што словы гэтыя прагучалі пры жыцці і былі пачутыя. А яшчэ з вуснаў і сэрца сапраўднай дачкі сваёй старонкі заўжды гучала старадаўняя беларуская песня. Слава Госпаду за дар сустрэчы з Вамі, Зоф’я Савельеўна.

Зоф’я Глот з дзецьмі — Валерам, Аляксеем і Ліліяй

Хай свеціць Вам святло нябеснае і добры Бог атуляе Вашую душу сваёй ласкай.

Няма болей разам з намі шчырага знаўцы беларускай культуры- Зоф’і Савельеўны. Але вельмі хочацца, каб людзі ведалі, і справы такіх людей жылі сярод нас. І заручымся падтрымкай усіх, хто яе ведаў і зробім так,каб ў вёсцы Карасі не зарасталі сцежкі, шапацела льняное поле і гучалі беларускія песні, якія яна так любіла, а ў доме быў створаны музей яе памяці. Няхай усё атрымаецца, і як мага болей людзей даведаецца і, бясспрэчна, натхніцца жыццём і справамі гэтай неверагоднай жанчыны.

Метки:
Комментарии: