Па крымінальнай справе затрымалі Таццяну Пыцько, жонку палітвязня Вячаслава Лазарава
Віцебскага фрылансера-відэааператара ужо чатыры месяцы трымаюць у СІЗА-2, супраць яго высунута абвінавачанне паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці») за сувязь з недзяржаўным СМІ, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем. У дзень затрымання, 9 лютага, сілавікі правялі ператрусы па месцы прапіскі Лазарава і ў кватэры ягонай жонкі, якая жыла асобна. У абодвух забралі аргтэхніку, але пакуль няма пэўных звестак пра тое, ці па адной крымінальнай справе з мужам затрыманая Таццяна Пыцько.
Жанчыну затрымалі 6 чэрвеня ўвечары. Іх супольную з Лазаравым дачку, якой месяц таму споўніўся год, накіравалі пад нагляд у дзіцячы шпіталь. Дзяўчынкай гатова апекавацца маці затрыманай, але яна жыве ў іншым горадзе і не мае магчымасці хутка прыехаць і забраць унучку. Дваіх старэйшых дзяцей (ад першага мужа) засталіся з родным бацькам.
Які артыкул інкрымінуюць жонцы палітзняволенага, пакуль не вядома. Застаецца верагоднасць, што Таццяну Пыцько адпусцяць на волю праз тры дні – пасля праверкі ў межах крымінальнай справы. Апошні час яна не займалася аніякай грамадскай дзейнасцю, асноўным клопатам жанчыны было выхаванне малой дачкі.
У 2020г. Таццяна Пыцько брала ўдзел у мірных пратэстах і была двойчы аштрафаваная за ўдзел «у несанкцыянаваных мерапрыемствах». Пасля гэтага ёй давялося развітацца з настаўніцкай працай (спадарыня Таццяна выкладала рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школа аграгарадка Акцябрскі Віцебскага раёна).
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!