Палітвязень з Пастаўшчыны Андрэй Новікаў адбыў тэрмін пакарання, але яго адразу перадалі расейскай ФСБ
Андрэй Новікаў выйшаў на волю з бабруйскай ПК № 2 31-га кастрычніка 2022 г. Але дахаты не прыехаў – яго забралі супрацоўнікі расейскай ФСБ. Ён быў асуджаны да двух з паловай гадоў зняволення паводле арт. 342 Крымінальнага Кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 371 Крымінальнага Кодэкса (Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь). Пасля затрымання па першым артыкуле яго вывезлі за беларускую мяжу і зрабілі «неўяўздным».
Андрэй Новікаў – грамадзянін Расейскай Федэрацыі, ён нарадзіўся ў беларускім Варапаева, пасля школы зʼехаў вучыцца ў Расею. Жыў на Далёкім Усходзе, служыў у міліцыі, мае званне падпалкоўніка ў адстаўцы. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых аперацыях на тэрыторыі Чачні. Падчас мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі быў валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 6 чэрвеня 2020г. у вёсцы Прусы Пастаўскага раёну Віцебскай вобласці за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў, які прыраўнялі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Спачатку яго адвезлі ў Паставы, каб скласці пратакол па арт. 23.34 КаАП, але потым перавезлі ў Менск – спачатку ў ІЧУ на вул. Акрэсціна, а пасля ў СІЗА-1.
12 чэрвеня 2020 года яму прадʼявілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага Кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 26 лістапада Андрэя Новікава наўпрост вывезлі на мяжу з Расеяй, і паставілі штамп аб забароне ўезду на тэрыторыю Беларусі на 10 гадоў.
У Беларусі, дзе ён меў від на жыхарства, у яго заставаліся жонка і дзеці. Андрэй Новікаў вырашыў вярнуцца да іх патаемна, і быў ізноў затрыманы 13 красавіка 2021 года ў Паставах. Мужчыну інкрымінавалі парушэнне арт. 371 Крымінальнага Кодэкса (Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь).
5 жніўня 2021 г. у судзе Кастрычніцкага раёну г. Віцебска Андрэя Новікава асудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У канцы сакавіка 2022 года стала вядома, што Андрэя 39 дзён утрымлівалі ў карцары. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя бабруйскай калоніі ў якасці спагнання змяшчала палітвязня на чатыры месяцы ў адзіночную камеру. У жніўні 2022 года праваабаронцы даведаліся, што палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу да 13 кастрычніка.
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!