Школам Віцебшчыны спешна надаюць імёны герояў мінулай вайны

Автор:
Опубликовано:
22
Декабрь
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебская область Политика


Днямі імя Ефрасінні Зяньковай, падпольшчыцы, кіраўніцы Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы» будзе нададзена віцебскай сярэдняй школе №28. Сёлета гэта 52-е ўганараванне ўстановы сярэдняй адукацыі імем героя Вялікай Айчыннай вайны. Атрымліваецца, што практычна штотыдзень школам надаюць імёны людзей, чые лёсы былі звязаныя з падзеямі 1941-1945гг. Такім чынам віцебскія ўлады вырашылі выхоўваць у вучняў патрыятызм у межах праекта «2022год – Год гістарычнай памяці.

Што да абласнога цэнтра, то 80% сярэдніх школ носяць чые-небудзь імёны. Найчасцей гэта імёны вядомых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Так, СШ №2 сёлета нададзена імя Героя Савецкага Саюзу Ф.Т.Блахіна, удзельніка вызвалення Віцебску, СШ №5 носіць імя лётчыка Р.І. Багамазава – Героя Савецкага Саюзу, які пражыў у Віцебску апошнія гады жыцця. Імя лётчыка, ураджэнца Сенненшчыны, Героя Савецкага Саюзу А.К. Гараўца нададзена віцебскай СШ№10, а СШ №12 мае імя Героя Савецкага Саюзу Л.М. Філіпенкі, які пасля вайны працаваў у Віцебску кіраўніком аднаго са штабоў грамадзянскай абароны. Сярэдняй школе №14 зусім нядаўна было нададзена імя знакамітай падпольшчыцы Зоі Касмадземьянскай, СШ №16 мае імя Героя Савецкага Саюзу М.І. Дружыніна…

У спісе імёнаў, якімі названыя віцебскія школы, ёсць некалькі выключэнняў. Напрыклад, сярэдняя школа №8 мае імя А.М. Іспянкова – таксама вайскоўца, але героя пазнейшага часу, камандзіра падводнай лодкі «Камсамолец», якая патанула ў 1989г. Імя нобелеўскага лаўрэата Жарэса Алфёрава носіць віцебская гімназія №1. А вось гімназіі №3 чамусьці надалі імя А.С. Пушкіна, і гэта адзіны выпадак у Віцебску, калі навучальная ўстанова названа ў гонар літаратара, дый увогуле дзеяча культуры ў самым шырокім сэнсе гэтага слова.

Пра тое, каб назваць школу ў памяць пра дзеяча беларускай культуры, віцебскія ўлады не дбаюць увогуле. Гэта тычыцца перадусім абласнога цэнтру. А што да рэгіёнаў, то сёлета ў Воршы адбыўся дык і ўвогуле кур’ёзны выпадак. Там сярэднюю школу №3 назвалі імем пісьменніка Уладзімера Караткевіча другі раз – упершыню гэта здарылася яшчэ ў 1989г., але ў 2022г. у аблвыканкаме вырашылі прыпісаць сабе гэтую ініцыятыву.

Абгрунтаваны падыход да выбару імёнаў для ўганаравання ў назвах школ увогуле назіраецца вельмі рэдка. Сярод мноства Герояў Савецкага Саюзу наданне імя Марыі Чуманіхінай сярэдняй школе №15 выглядае ці не адзіным прыкладам сапраўднай павагі да мясцовай гісторыі. М.Я. Чуманіхіна доўгія гады кіравала прадпрыемствам «Даламіт», што знаходзіцца ў пасёлку Руба, і ў тамтэйшай школе насамрэч вучацца дзеці і ўнукі тых, хто быў знаёмы з гэтай жанчынай, і для каго гэтае імя – не абстрактная даніна штучнаму і няшчыраму памкненню прадэманстраваць «патрыятычнае выхаванне».

viciebskspring.org

Памятную доску генералу Лисову открыли в Витебске

Метки: , ,
Комментарии: