Што трэба ведаць пра «экстрэмісцкія фармаванні»
З 18 лістапада 2021 года ў Беларусі Камітэт дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных справаў прызналі больш за 120 «экстрэмісцкіх фармаванняў». Гэта тэлеграм-каналы і чаты, незалежныя СМІ, грамадскія аб’яднанні, полк Кастуся Каліноўскага і нават музыкальны гурт.
Дзе шукаць «Спіс экстрэмісцкіх фармаванняў»?
«Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» публікуецца на сайце Міністэрства ўнутраных справах. Улічвайце, што з-за мяжы гэты сайт не адчыняецца.
Праваабаронцы «Вясны» сочаць за абнаўленнямі Спіса і інфармуюць пра адпаведныя змены праз сацыяльныя сеткі і сайт.
Што такое «экстрэмісцкае фармаванне» і хто прымае адпаведнае рашэнне?
Вызначэнне тэрміна «экстрэмісцкага фармавання» дадзена ў ч. 4 арт. 1 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Экстрэмісцкае фармаванне – гэта група грамадзян, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, альбо якая аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, альбо якая прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, альбо фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць, у дачыненні да якой прынята рашэнне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэта дзяржаўнай бяспекі аб прызнанні яе экстрэмісцкай. Адпаведнае рашэнне прымаецца ў пазасудовым парадку. Ад чаго гэта залежыць орган – незразумела.
Калі МУС ці КДБ у дзеяннях групы грамадзян выявіць прыкметы, якія сведчаць аб ажыццяўленні дзейнасці, прадугледжанай часткай 4 артыкула 1 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», прымаецца рашэнне аб прызнанні такой групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем і аб забароне яго дзейнасці.
А што такое тады «экстрэмісцкая арганізацыя»?
Як гаворыцца ў Законе, экстрэмісцкая арганізацыя – арганізацыя, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, альбо якая аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, альбо якая прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, альбо фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць, у дачыненні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэнне суда аб прызнанні яе экстрэмісцкай.
Пакуль у Беларусі адна «экстрэмісцкая арганізацыя». «ТУТ бай медыя» быў прызнаны гэткай 14 чэрвеня 2022 года.
Каго могуць прызнаць «экстрэмісцкім фармаваннем»?
Зыходзячы з Пераліку, «экстрэмісцкім фармаваннем» могуць прызнаць амаль любы суб’ект: СМІ, супольнасці актывістаў, палітычныя суб’екты і нават музычную групу. Так, былі ўключаныя ў пералік:
- інфармацыйнае агенцтва «БелаПАН»;
- «Беларускі незалежны прафсаюз РЭП»;
- «Еўрарадыё»;
- тэлеграм-чат адвакатаў «Беларускiя Адвакаты»;
- Аб’яднанне беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне «Полк імя Кастуся Каліноўскага»;
- музычны калектыў «Tor Band»;
- экалагічная арганізацыя «Экадом», якая прасоўвала зялёную энергетыку, экалагічны лад жыцця, ідэі ўстойлівага развіцця;
- гумарыстычны тэлеграм-канал «Чай з малинавым варэннем»;
- грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
А якія наступствы для ўдзельнікаў і стваральнікаў?
За стварэнне і ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» прадугледжваецца адказнасць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса.
Артыкул 361-1 Крымінальнага кодэкса. Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім
- Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, а роўна фарміравання, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзяць у яго структурным падраздзяленнем –
караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.
- Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, –
караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да дзесяці гадоў.
- Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) – караецца абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.
У выпадку ўдзелу для прыцягнення да крымінальнай адказнасці па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэкса, мусіць быць даказаная мэта – уступленне ў экстрэмісцкае фармаванне, каб здзейсніць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Менавіта таму супрацоўнікі гутараць з людзьмі пра ўдзел у пратэсных акцыях.
Пад «злачынствам экстрэмісцкай накіраванасці» разумеюцца злачынства, спалучанае з учыненнем наўмысных дзеянняў, якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі да экстрэмізму, а роўна іншае злачынства, прадугледжанае гэтым Кодэксам, здзейсненае па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або варожасці, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці альбо па матывах варожасці або варожасці ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы.
Ці законна прызнанне «экстрэмісцкага фармавання» пасля затрымання яго стваральніка і ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць яго за гэта?
Такая працэдура законная, бо для прыцягнення да адказнасці стваральніка не патрабуецца, з фармальнага пункту гледжання, прызнання арганізацыі злачыннай. Аднак для прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўдзельніка неабходна даказаць, што ўдзельнік ведаў аб характары дзейнасці фармавання да прызнання яго экстрэмісцкім.
А якія наступствы для тых, хто ў іншых формах неяк узаемадзейнічае з «экстрэмісцкім фармаваннем»?
Па інфармацыі Следчага камітэта ад 10 лістапада 2021 года, «якія ўвайшлі пасля вынясення рашэння і ўключэння ў пералік «экстрэмісцкага фармавання» ў якасці ўдзельнікаў, члены фармавання «Плана перамогі», у тым ліку тыя, што пакінулі ў чат-боце аднайменнага тэлеграм-канала свае дадзеныя для выканання па ўказанні замежных штабоў экстрэмісцкіх дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, будуць прыцягвацца да адказнасці за ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (ч. 3 арт. 361-1 КК Беларусі)».
Аднак, згодна з часткай 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса, падпісчыкі каналаў прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, калі даказаная мэта: уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання, каб здзейсніць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці.
Тым хто дасылае інфармацыю і дае каментары ці па-іншаму ўзаемадзейнічае могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за «садзейнічанне экстрэмісцкаму фармаванню» (артыкул 361-4 КК) або «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361-2 КК).
Паводле інфармацыі Следчага камітэта ад 23 лютага 2023 года ў Гродзенскай вобласці ўзбуджана тры крымінальныя справы за інтэрв’ю «экстрэмісцкім СМІ» па артыкуле паводле крымінальнага артыкула за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Ці ўстаноўлены нейкія абмежаванні ў зняволенні для асуджаных за экстрэмісцкае фармаванне ці садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці?
Так, іх могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці альбо ўнесці ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Пра абмежаванні мы пісалі тут.
Ці можна абскардзіць рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкім фармаваннем» і ў якія тэрміны?
Так, рашэнне аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваннем і аб забароне яго дзейнасці можа быць абскарджана ў МУС, КДБ і (або) у суд. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле 15 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».
Тэрмін для звароту са скаргай у МУС і КДБ не вызначаны, адпаведна, згодна з часткай 2 артыкула 11 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», тэрмін для абскарджання складае тры гады з дня, калі заяўнікі даведаліся або павінны былі даведацца аб парушэнні іх правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў. Тэрмін для звароту са скаргай у суд – адзін месяц з дня, калі грамадзяніну стала вядома аб парушэнні яго права (артыкул 355 ГПК).
Такім чынам, у выпадку, калі заяўнік вырашыць падаць скаргу ў МУС ці КДБ і пасля гэтага звярнуцца ў суд, то зрабіць гэта неабходна на працягу месяца з дня, калі яму стала вядома аб парушэнні яго права.
А ці былі ўжо такія прэцэдэнты?
Так, у лютым 2023 года суд разглядаў першую скаргу на рашэнне Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь аб прызнанні групы грамадзян, якая аб’ядналася ў ініцыятыву «Рабочы Рух», экстрэмісцкім фарміраваннем і забароне яго дзейнасці — першага «экстрэмісцкага фармавання» ў Беларусі. КДБ прыняў такое рашэнне 21 верасня 2021 года — пасля і падчас затрыманняў фігурантаў справы.
Заяўнікамі па скарзе выступалі палітзняволеныя Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімір Жураўкоў, Алкясандр Гашнікаў, Аляксандр Капшуль, над якімі на той час адбываўся суд, у тым ліку за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні». Разгляд скаргі праходзіў у закрытым рэжыме, але можна меркаваць, што ў задавальненні скаргі было адмоўлена, бо ў выніку палітвязняў прызналі вінаватымі паводле арт. 361-3 КК і асудзілі да вялікіх турэмных тэрмінаў.
А калі мяне прызналі ўдзельнікам фармавання, ці магу я гэта абскардзіць?
З нядаўняга часу ў «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» сталі пазначаць і ўдзельнікаў фармавання. Гэта таксама можна абскардзіць.
Рашэнне аб уключэнні ў пералік можна абскардзіць у МУС у месячны тэрмін, які вылічваецца са дня ўключэння фармавання ў пералік (п. 1.3 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12.10.2021 № 575 «Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму»).
У месячны тэрмін пасля атрымання адказу з МУС або са дня заканчэння месячнага тэрміну пасля падачы скаргі ў МУС, калі заяўнікам не быў атрыманы на яе адказ, чалавек можа звярнуцца ў суд.
Гэта можа зрабіць грамадзянін, якога ўключылі ў пералік.
Тelegram-канал «Віцебская Вясна» трапіў у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!