Следчыя працягваюць шукаць доказы супраць Сяргея Каваленкі, які спаліў чырвона-зялёны сцяг

Автор:
Опубликовано:
23
Май
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебск Политика


У дачыненні да віцябляніна Сяргея Каваленкі распачатая крымінальная справа за «знявагу дзяржаўных сімвалаў». Пра гэта жонцы віцебскага актывіста стала вядома ў кастрычніку 2021 году. Тады да яе прыходзілі з ператрусам і распытвалі, дзе знаходзіцца яе муж. Днямі да Алены Каваленкі зноў прыходзілі міліцыянты.

Не заспеўшы Алену Каваленку ўдома, супрацоўнікі МУС апыталі суседзяў, ці даўно тыя бачылі Сяргея Каваленку, хаця той ужо тры гады жыве ў Польшчы. Пра нечаканы візіт супрацоўнікаў міліцыі Алена Каваленка  распявяла ў Фэйсбуку, завяршыўшы свой допіс фразай: «Жывеш і адчуваеш, як пастка зачыняецца».

Паводле жонкі актывіста, міліцыянты прыходзілі і да ягонай маці, спадарыні Святланы.

Сяргей Каваленка з’ехаў у Польшчу тры гады таму, бо ў Беларусі пачуваў сябе ў небяспецы. У Віцебску засталася ягоная жонка і двое дзяцей. Падставай для крымінальнай справы стала відэа, размешчанае ў Тэлеграм-каналах. На ім зафіксавана, як Сяргей Каваленка падпаліў дзяржаўны беларускі сцяг падчас адной з акцыяў у падтрымку палітвязняў у Варшаве. Следчы камітэт у Беларусі адрэагаваў на гэты ўчынак, распачаўшы крымінальную справу. Беларускі асяродак у Польшчы таксама паставіўся да ўчынку Каваленкі неадназначна: многія расцанілі гэта як правакацыю з мэтай распачаць скандал і прыцягнуць увагу мясцовай паліцыі.

Сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка стаў вядомы ў Беларусі пасля таго, як 7 студзеня 2010 году прычапіў бел-чырвона-белы сцяг на вершаліне галоўнай гарадской елкі на плошчы Перамогі ў Віцебску. Сцяг знялі супрацоўнікі МНС з дапамогай адмысловай пажарнай машыны. Сяргей Каваленка быў затрыманы міліцыяй, супраць яго была распачатая крымінальная справа паводле 2-й часткі арт. 339 КК, якая прадугледжвае пакаранне за «хуліганства, учыненае паўторна ці групай асобаў, або звязанае з супрацівам асобам, якія спрабуюць перадухіліць хуліганскія дзеянні».

За гэта Каваленку пакаралі трыма гадамі «хатняй «хіміі», аднак неўзабаве зноўку прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання. Наступнае пакаранне было больш жорсткім: яму прысудзілі 2 гады і 1 месяц зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Гэты тэрмін ён не адбыў, бо быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам. Палітвязень патлумачыў, што прашэнне напісаў пад ціскам і што яго шантажавалі пагрозамі ў дачыненні родных.

Падобнае абвінавачанне паводле арт. 370 КК за знявагу дзяржаўных сімвалаў днямі было выстаўленае супраць яшчэ аднаго беларуса ў замежжы. Былы жыхар Віцебску, кіраўнік назіральнай рады грамадскага руху «Краіна для жыцця» Глеб Івашкевіч, знаходзячыся ў ЗША, абліў беларускі дзяржаўны сцяг фарбай і побач павесіў бел-чырвона-белы.

vitebskspring.org

ГУБАЗіК пахваліўся затрыманнем двух адмінаў тэлеграм-чатаў. Сярод іх ураджэнец Віцебска

Метки: , ,
Комментарии: