У былым будынку КДБ будуць прымаць афіцыйныя дэлегацыі. Музея ў помніку архітэктуры не будзе

Автор:
Опубликовано:
10
Май
2023
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебск



Амаль 70 гадоў віцебскае абласное ўпраўленне КДБ займала гістарычны будынак — былы губернатарскі палац на былой вуліцы Дварцовай, а цяпер – Савецкай. Пасля таго, як адмыслова для гэтай структуры быў ўзведзены новы гмах у цэнтры Віцебску на вуліцы Калініна, грамадскасць пачала ўздымаць пытанне пра далейшы лёс помніка архітэктуры 18 стагоддзя. Гарадскія ўлады таксама ініцыявалі апытанне, якое новае прымяненне гараджане бачаць для колішніх апартаментаў віцебскага губернатара. Нават паабяцалі, што самае папулярнае меркаванне будзе ўвасоблена ў жыццё. Але вельмі мала падобна да праўды, што бальшыня ўдзельнікаў апытання выказалася за стварэнне «шматфункцыянальнага компексу з заламі для прыёму высокіх гасцей і ўрачыстых абрадаў».

Менавіта пра такія планы, што да выкарыстання гістарычнага будынка, распавёў старшыня віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Субоцін падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ 5 траўня. За некалькі тыдняў ды гэтага дзржСМІ паведамілі, што помнік архітэктуры ўключаны ў абласную інвестыцыйную праграму на на 2023 год, і што толькі на праектную дакументацыю будзе выдаткавана 150 тысяч рублёў.

Мяркуючы па выказваннях у сацыяльных сетках, жыхары Віцебску найбольш часта выказваліся за тое, каб у вызваленым помніку архітэктуры размясціўся музей – магчыма, філіял краязнаўчага музею, які цяпер месціцца ў былой ратушы. Гучалі й прапановы, каб перарабіць колішні губернатарскі палац у Палац шлюбаў, бо цяперашні гарадскі ЗАГС дагэтуль застаецца на першым паверсе жылога дому 1960-х гадоў пабудовы. Таму нават у некаторых райцэнтрах месцы, дзе бяруцца шлюбам, выглядаюць больш прэзентабельна…

Для якіх канкрэтна «урачыстых абрадаў» будуць прадугледжаны памяшканні ў «шматфункцыянальным комплексе», старшыня аблвыканкаму не ўдакладніў. Але ў «залы для прыёму высокіх гасцей» шэраговым віцяблянам відавочна ніколі не трапіць – відаць, у аблвыканкаме вырашылі, што ўласнага будынка (між іншым, таксама гістарычнага) для сучасных чыноўнікаў ужо мала. Хочуць мець яшчэ й уласны палац.

Аляксандр Субоцін кажа, што ў былой рэзідэнцыі губернатара з часам будзе абсталявана і новая кавярня «з прыгожымі відамі з вокнаў», і — што выглядае зусім ужо малаверагодным – некалі будзе адноўлена дамавая царква, «каб маладыя змаглі тут жа абвянчацца». Нібыта Успенскага сабору ў крокавай даступнасці недастаткова…

Будынак на так званай Успенскай горцы быў узведзены у 1772 годзе — калі яго збудавалі для шляхцічаў Кудзіновічаў. У 1806 годзе жылы дом быў рэканструяваны пад рэзідэнцыю генерал-губернатара, і да 1917 году лёс будынка быў звязаны з гістарычнымі падзеямі і асобамі царскай Расеі. Пасля Кастрычніцкага перавароту ў помніку архітэктуры размяшчаліся камітэт віцебскай арганізацыі РСДРП(б), віцебскі губвыканкам, пазней мясцовыя структуры адукацыі і статыстыкі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны былы палац істотна пацярпеў, ад яго фактычна засталіся толькі сцены: дах, падлога і ўнутранае аздабленне былі знішчаны незваротна. Тым не менш, ён быў адрэстаўраваны з укладаннем значных фінансавых сродкаў. І ў будынак з ляпнінай на столі і велічнай параднай лесвіцай засялілася структура, з якой мала хто ў горадзе хацеў бы мець «блізкія стасункі». Большасць простых віцяблянаў ніколі не бывала ўнутры гістарычнага помніка, і мала верыцца, што некалі туды трапіць.

viciebskspring.org

Что строят возле витебской Ратуши

Метки: , ,
Комментарии: