У Мастацкай галерэі пачала працаваць выстава «Кафляныя скарбы Полацка»
У Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка пачала працаваць выстава «Кафляныя скарбы Полацка».
На выставе, як распавядаюць арганізатары, можна пабачыць лепшыя ўзоры кафлі XIV – пачатку ХХ стагоддзяў са збору запаведніка. У тым ліку прадстаўлены новыя і рэдкія прадметы з калекцыі. Кафля была выяўлена ў розныя гады на тэрыторыі Полацка падчас археалагічных даследаванняў, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам вядомых навукоўцаў Паўла Рапапорта, Сяргея Тарасава, Ніны Здановіч, Пятра Русава, Дзяніса Дука, а таксама ў выніку наглядаў супрацоўніка навукова-рэстаўрацыйнага аддзела музея-запаведніка Аляксандра Салаўёва.
«Кафля – выдатны помнік матэрыяльнай культуры, які дазваляе прасачыць эвалюцыю аднаго з напрамкаў ганчарна-рамеснай справы старажытнага Полацка, дае магчымасць ацаніць творчы падыход мясцовых майстроў да выбару форм, сюжэтаў і арнаментацыі гэтых вырабаў», – тлумачаць спецыялісты.
Разнастайная па памерах, канструкцыі і дэкору кафля, з якой складалі і якой аздаблялі печы ў палацах, гарадскіх дамах і нават у сялянскіх хатах, дэманструе не толькі асаблівасці тэхналогіі вытворчасці, але і мастацкую стылістыку, густ і моду таго ці іншага перыяду гісторыі.
Выстава падрыхтавана супрацоўнікамі галерэі і навукова-рэстаўрацыйнага аддзела запаведніка. Яе можна наведаць з 10 да 17 гадзін штодня, акрамя панядзелка.
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!