У Полацку на тры гады «хіміі» асудзілі прадавачку гандлёвага цэнтру за паклёп і абразу супрацоўнікаў РАУС
Суд Полацку і Полацкага раёну 26 кастрычніка завяршыў разгляд крымінальнай справы, заведзенай на 51-гадовую прадавачку аднаго з гандлёвых цэнтраў. Жанчыну вінавацілі ў злачынствах, прадугледжаных адразу трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу -188, 364, 369. Суд прызнаў яе вінаватай у паклёпе, абразе прадстаўніка ўлады і пагрозе ўжывання гвалту да супрацоўніка ўнутраных спраў. Вырак – тры гады «хіміі».
Як перадае афіцыйны сайт Вярхоўнага суду РБ, палачанка сваёй віны не прызнала.
Паведамляецца, што ў кастрычніку 2020 году ў адным з публічных тэлеграм-каналаў жанчына напісала паведамленне, якое ўтрымлівала «ненарматыўную форму моўнага выказвання», а таксама «вербальную агрэсію ў форме пагрозы ў дачыненні начальніка Полацкага РАУС».
У тым жа месяцы размясціла яшчэ адно паведамленне, у якім выказала пагрозы ўжывання гвалту ў дачыненні начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі, а таксама – на адрас намесніка начальніка ІЧУ Полацкага РАУС. У снежні 2020-га палачанка пераслала фотаздымак таго самага начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі МГБ у публічны тэлеграм-канал, «наўмысна распаўсюдзіўшы аб ім заведама непраўдзівыя звесткі».
Раней дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што на след падазраванай міліцыянты выйшлі нібыта выпадкова – калі правяралі жанчыну на датычнасць да іншага злачынства.
Суд прызнаў жанчыну вінаватай па ўсіх трох крымінальных артыкулах – 188 («Паклёп»), 364 («Гвалт або пагроза ўчынення гвалту да супрацоўніка ОУС») і 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Канчатковы прысуд – тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны, піша vitebskspring.org.
За абразы, пагрозы гвалту і паклёп на сілавікоў у Полацку судзяць ураджэнку Узбекістану
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!