У Сянно за правядзенне пікету быў аштрафаваны вучань 11 класа. Але нешта пайшло не так
Суддзя суда Сенненскага раёна Іна Досава 31 сакавіка за правядзенне пікету ў інтэрнэце аштрафавала на 74 рублі непаўналетняга выпускніка Сярэдняй школы №2, сябра БРСМ, кандыдата ў майстры спорту па барацьбе ў грэка-рымскім стылі Сцяпана Падрэза. Аднак пастанова была прынята з грубым парушэннем дзейнага заканадаўства і была адменена Старшынёй Віцебскага абласнога суда. У хуткім часе адміністрацыйная справа Падрэза будзе разгледжана раённай камісіяй па справах непаўналетніх, як гэта патрабуе працэсуальны закон.
Згодна з адміністрацыйным пратаколам, Сцяпан адкрытым публічным доступе ў альбоме захоўваў фатаграфіі, размешчаныя выявы БЧБ сцяга, малюнак з надпісам «ЯМЫ97%» выкананы бела-чырвоным кветкамі на чорным фоне, а таксама знойдзены фатаграфіі з БЧБ сцягам і гербам «Пагоня».
На думку суддзі, малады чалавек публічна выказаў свае асабістыя погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця, ажыццявіўшы тым самым пікетаванне. Дадзенае масавае мерапрыемства ён ажыццявіў у жніўні 2020 года без дазволу мясцовых уладаў. Таму суддзя Досава палічыла факт здзяйснення Падрэзам адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч.1 арт. 24.23 КаАП устаноўленым, а яго вінаватасць у здзяйсненні дадзенага адміністрацыйнага правапарушэння даказанай.
Аднак старшыня Віцебскага абласнога суда Аляксандр Федзюкевіч 18 красавіка адмяніў рашэнне суддзі Досавай, бо яно было прынятае з грубым парушэннем патрабаванняў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях.А менавіта, у адпаведнасці з арт.3.5 ПВКаАП справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, учыненых непаўналетнімі, павінна разглядаць камісія па справах непаўналетніх Сенненскага райвыканкама, а не суд.
У бліжэйшы час справа Сцяпана Падрэза будзе разгледжана членамі КСН Сенненскага райвыканкама і верагодней за ўсё яму пакіне пакаранне ранейшым — максімальны штраф для непаўналетніх у памеры 74 рубля.
З пачатку года ў Віцебскім рэгіёне выяўлена і пакарана больш за 200 «экстрэмістаў»
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!