У Віцебску пройдзе патаемны суд над палітвязнем Паўлам Сакаловым

Автор:
Опубликовано:
3
Май
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебск Политика



Разбор крымінальнай справы ў Віцебскім абласным судзе запланаваны на 4 траўня. Ужо абвешчана, што суд пройдзе ў закрытым рэжыме. Маладога чалавека затрымалі 7 месяцаў таму разам з групай хлапцоў і дзяўчат, якія правялі шэраг палітычных перформансаў, знялі гэта на відэа і выклалі відэаролікі ў шэраг Тэлеграм-каналаў. На момант затрымання было вядома, што Паўла Сакалова абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Яшчэ раней, у 2020-м годзе, Сакалоў быў асуджаны за ўдзел у пратэстах супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў: яго пакаралі арыштам на трое сутак і штрафам у 5 базавых велічынь. Ягоную віну суд убачыў у тым, што хлопец ехаў па горадзе на ровары і апынуўся побач з тым месцам на вул. Праўды ў Віцебску, дзе 6 верасня адбылася сутычка паміж пратэстоўцамі і міліцыянтамі. Ніякага ўдзелу ў ёй Павел Сакалоў не браў, аднак пасля адбыцця арышту яго некалькі разоў выклікалі ў Следчы камітэт на так званыя прафілактычныя гутаркі. Следчыя настойвалі, што ён нібыта каардынаваў калоны пратэстоўцаў, распавяла жонка зняволенага, Наталля Сакалова.

Размовамі ў СК не скончылася: дадому да Сакаловых прыйшлі з ператрусам, але нічога падазронага не знайшлі. Другі ператрус адбыўся ўжо ў дзень затрымання 20 верасня 2021 г. З дому забралі бел-чырвона-белы бранзалет і ўсю аргтэхніку, а таксама мабільны тэлефон. Як стала вядома «Вясне», падчас следчых дзеянняў у Паўлавым тэлефоне знайшлі закрыты чат, у якім знаходзіліся ўсяго тры чалавекі. У адным са сваіх паведамленняў мужчына зрабіў рэпост відэа, якое было прызнанае экстрэмісцкім, але ўжо пасля яго затрымання.

У адзін дзень з Паўлам Сакаловым у Віцебску затрымалі яшчэ некалькі чалавек. Міліцыянты адрапартавалі, што выкрылі экстрэмісцкую групоўку, удзельнікі якой нібыта закідалі яйкамі з фарбай білборд з выявай супрацоўнікаў ДАІ. Падчас следства некалькі чалавек адпусцілі, а супраць астатніх высунулі новыя абвінавачанні. Так, напрыканцы красавіка ў судзе Віцебскага раёну распачаўся працэс над Ірынай Пярцовай, Арцёмам Латышавым, Кацярынай Макарэвіч і Юліяй Лабуновай, якіх абвінавачваюць за інсцэніроўку пахавання Аляксандра Лукашэнкі, за спаленне дзяржаўных газет і іншыя перформансы, знятыя на відэа.

Што да Паўла Сакалова, то ніякіх падрабязнасцяў пра будучы суд над ім няма. З ягонай жонкі і з адваката ўзялі падпіску пра неразгалошванне таямніцы следства. Падобна, што і працэс зрабілі закрытым, каб грамадскасць не даведалася пра акалічнасці справы, як паездка па Віцебску на ровары абярнулася крымінальным абвінавачаннем.

vitebskspring.org

Суд падоўжыў на тры месяцы ўтрыманне пад вартай палітвязні Яне Пінчук

Метки: , ,
Комментарии: