У Віктара Бабарыкі пагоршалі ўмовы працы ў наваполацкай калоніі

Автор:
Опубликовано:
1
Декабрь
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Авторы Беларусь Витебская область Политика



Экс-банкіру і палітвязню Віктару Бабарыку прызначылі новую працу ў ПК-1. Цяпер ён выпальвае драўняны вугаль, паведамляе Telegram-канал «Виктор Бабарико». Гэта значыць, што палітзняволены вымушаны ў халодную пару году працаваць на вуліцы цягам 9 гадзінаў штодня за адзіным выходным на тыдні. Варта заўважыць, што ягоная мінулая праца была ўнутры памяшкання без вентыляцыі пры тэмпературы +30 градусаў – у такіх умовах ён працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў у пякарні.

Сваякі палітыка адзначаюць, што працу палітзняволенаму прызначаюць без уліку медычных супрацьпаказанняў. Што да вольнага часу, то і тут да Віктара Бабарыкі ўведзены абмежаванні. У адным з лістоў да сваёй дачкі ён пісаў, што яго абмяжоўваюць у чытанні і не дазваляюць чытаць нават стоячы.

У Наваполацкай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму зняволены палітык адбывае 14-гадовы тэрмін, прысуджаны яму паводле «эканамічных» артыкулаў – арт. 235 Крымінальнага кодэкса (Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам) і арт. 430 Крымінальнага кодэкса (Атрыманне хабару). Праблемы ў экс-банкіра Белгазпрамбанка пачаліся пасля таго, як 12 траўня 2020 г. ён звольніўся з пасады старшыні праўлення па ўласным жаданні і паведаміў аб сваім намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. За кароткі тэрмін Бабарыка стварыў другую па колькасці ініцыятыўную групу (каля 9 тысяч чалавек, у той час як у Лукашэнкі было 11 тысяч чалавек). Таксама ён паставіў рэкорд па колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі: паводле звестак ягонага штаба, іх было сабрана больш за 430 тысяч, з іх для падачы ў ЦВК было падрыхтавана 365 тысяч.

11 чэрвеня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю прыйшлі з ператрусам у галоўны офісе Белгазпрамбанка. А 18 чэрвеня 2020 г. Віктар Бабарыка быў затрыманы разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў.

Следства працягвалася больш за год, прысуд Віктару Бабарыку быў абвешчаны толькі 6 ліпеня 2021 г., прычым свае віны палітык так і не прызнаў. Апрача 14-ці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму палітвязня пакаралі штрафам у памеры 145 тысяч рублёў (пяць тысяч базавых велічыняў), абвясцілі, што ён мусіць сплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта прычыненую ім шкоду, і пазбавілі права займаць кіраўнічыя пасады.

https://vkurier.info/samyj-izvestnyj-belorusskij-politzaklyuchennyj-viktor-babariko-otmechaet-den-rozhdeniya-v-nevole/

Метки: , ,
Комментарии: