Улады адмовіліся замяніць пакаранне ўніяцкаму святару з Полацку з арышту на штраф
Суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова 2 чэрвеня адхіліла скаргу святара Аляксандра Шаўцова на рашэнне суда Полацкага раёна і г. Полацка. Гэта азначае, што пастанова ад 26 траўня раённага суда застаецца без змены і Шаўцоў будзе вымушаны адбыць 15 арыштаў за распаўсюд у сацыяльных сетках “экстрэмісцкіх” матэрыялаў.
У скарзе Шаўцоў аспрэчваў законнасць і абгрунтаванасць прынятага па яго справе рашэння. Ён паведаміў у абласны суд, што не згодны з вынесеным пакараннем, палічыў яго суровым і несправядлівым. І з улікам усіх абставін справы і ягонай асобы, прасіў замяніць прысуджаны арышт на штраф.
Пры разглядзе справы ў судзе другой інстанцыі быў зачытаны рапарт оперупаўнаважанага аддзела крымінальнага вышуку Полацкага РАУС з якога вынікала, што ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» ў акаўнце святара знаходзілася інфармацыя суполкі «Хартыя 97», якая ўключаная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У судзе «правапарушальнік» не адмаўляў гэтага факта.
На думку суддзі Івановай, Полацкі суд правільна расцаніў дзеянні Шаўцова як захоўванне і распаўсюд інфармацыю, змест якой «накіраваны на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі ў грамадстве і дзяржаве, распальванне сацыяльнай варожасці паміж рознымі сацыяльнымі групамі.» Таму суд першай інстанцыі правільна ўжыў пакаранне, прадугледжанае ч.2 арт.19.11 КаАП, адміністрацыйны арышт і пры гэтым улічыў змякчальную акалічнасць — наяўнасць у «правапарушальніка» малалетняга дзіцяці.
Суддзя абласнога суда не знайшла парушэнняў працэсуальнага закона, якія перашкодзілі Полацкаму суду ўсебакова, поўна і аб’ектыўна даследаваць абставіны справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, або маглі паўплываць на вынясенне законнай і абгрунтаванай пастановы.
Зыходзячы з гэтых абставін, суддзя Іванова вырашыла, пастанову суддзі суда Полацкага раёна і г. Полацка ад 26 мая 2023 года ў дачыненні да Аляксандра Шаўцова пакінуць без змены, а яго скаргу — без задавальнення.
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!