Улады заснавалі новае званне — «Пачэсны грамадзянін Віцебскага раёна». Якія патрабаванні да кандыдатаў і наступныя выгоды?
Гэтая ініцыятыва з’явілася ў сувязі з запланаваным сёлета святкаваннем 100-годдзя адміністрацыйнага ўтварэння, ршэнне мясцовых уладаў набыла законную сілу 10 красавіка. Мяркуецца, што адзначаць юбілей раёна будуць летам ў аграгарадку «Ноўка», з гэтай нагоды там закладаюць новы парк. Паводле старшыні райсавета Віктара Дарожкіна, кандыдатаў на ўганараванне новым званнем ужо вызначаюць. Якім крытэрам ён мусіць адпавядаць і якія бонусы чакаюць уганараванага?
У адмысловай інстурукцыі аб прызваенні звання «Пачэсны грамадзянін Віцебскага раёна» гаворыцца, што галоўная ўмова – каб прэтэндэнт зрабіў значны ўнёсак ў развіццё рэгіёна. Гэта зразумела. Але з’яўляецца агаворка ў п.8: «Да прысваення звання «Пачэсны грамадзянін Віцебскага раёна» прадстаўляюцца асобы, якія, як правіла, раней адзначаліся іншымі формамі грамадскага прызнання і дзяржаўнымі ўзнагародамі».
Пра яшчэ адну акалічнасць паведамляе п.9: «Не разглядаюцца дакументы кандыдатаў, якія маюць судзімасць, у тым ліку пагашаную і знятую, а таксама звольненых паводле падставаў, якія прызнаюцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі дыскрэдытуючымі акалічнасцямі». Што такое «дыскрэдытуючыя акалічнасці», не ўдакладняецца. Але тут згадваюцца шматлікія выпадкі, калі пад суд па крыминальных артыкулахщ апошнія гады траплялі людзі, некалі ўганараваныя званнямі «Человек года Витебщины», а таксама дэпутаты розных узроўняў.
Цікава, што разгляд кандыдатур на ўганараванне мае разглядацца на адкрытым пасяджэнні райсавета, але ў адсутнасць самога кандыдата (п.11). І што на працягу аднаго каляндарнага году званнем «Пачэсны грамадзянін Віцебскага раёна» могуць быць уганараваныя два чалавекі (п.12).
Якія бонусы астрымае ўладальнік новага пачэснага звання? Ва ўручыстай абстаноўцы яму ўручаць адмысловае пасведчанне, «кветкавую кампазіцыю коштам да дзвюх базавых велічынь» і «аднаразовую грашовую ўзнагароду са сродкаў раённага бюджэта памерам 40 базавых велічынь» (на дадзены момант гэта 1 600 беларускіх рублёў). Звесткі пра чарговага ўладальніка звання будуць зносіцца ў адмысловую кнігу, якая захоўваецца ў краязнаўчым музеі Віцебскага раёна.
Фінансаванне выдаткаў, звязаных з прысваеннем звання «Пачэсны грамадзянін Віцебскага раёна» будзе праводзіцца за кошт раённага бюджэта (п.18). І ў выпадку смерці лаўрэата «за кошт раённага бюджэта будзе набывацца ратуальны вянок са стужкай ад Віцебскага райсавета і райвыканкама». Падчас пахавання па ўзгадненні са сваякамі можа праводзіцца жалобны мітынг з удзелам прадстаўнікоў мясцовых уладаў (п.19). Пасля смерці ўганараванага гэтым званнем паводле пісьмовай згоды сваякоў на доме, дзе ён жыў, будзе размешчана інфармацыйная шыльда (п.20). Таксама ў інструкцыі асобна агаворваецца, што імёнамі пачэсных грамадзян раёна могуць быць названыя арганізацыі, вуліцы, скверы і паркі.
Пры жыцці асобы, уганараваныя новым званнем, могуць бясплатна наведваць раённыя культурныя і спартовыя мерапрыемствы (п.17.2), але і павінны быць гатовыя, што іх будуць запрашаць «да ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных дзяржаўным святам, святочным і памятным датам Віцебскага раёну і «іншых важных падзеях», якія адбываюцца ў Віцебскім раёне (п.17.1).
Дарэчы, паводле інструкцыі, гэта званне – не пажыццёвае: яго могуць адабраць у пэўных сітуацыях. І тут перастрахоўка зразумелая: цягам 2023-24 гадоў стала вядома пра гучныя судовыя справы, распачатыя супраць кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў за карупцыйныя злачынствы, перавышэнне службовых паўнамоцтваў і г.д. Так, паводле п.22, асоба, уганараваная званнем «Пачэсны грамадзянін Віцебскага раёна», можа быць пазбаўлена яго « у сувязі з абвінаваўчым прысудам, які ўступіў у законную сілу». Але не аўтаматычна. Хадайніцтва аб адабранні звання будзе вынесена на разгляда райсавета райвыканкамам або на патрабаванне адной траціны ад агульнай колькасці дэпутатаў райсавета. Уласна райсавет і прымае рашэнне, ці адабраць пачэснае званне ў асуджанага за злачынства, ці пакінуць.
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!