Ураджэнец Віцебску, палітвязень Андрэй Кузнечык атрымаў узнагароду Амерыканскіх глабальных медыя

Автор:
Опубликовано:
11
Декабрь
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Беларусь Витебск Политика



Лаўрэатамі ўзнагароды «За выдатную журналістыку» імя Дэйвіда Бэрка, якая штогод уручаецца журналістам пяці медыйных арганізацый, якія ўваходзяць у склад Агенцтва глабальных медыя ЗША, сталі фрылансеры беларускай службы Радыё Свабода Андрэй Кузнечык, Ігар Лосік і Алег Груздзіловіч. Апошні з журналістаў, Алег Груздзіловіч, зусім нядаўна выйшаў з-за кратаў, а палітвязні Андрэй Кузнечык і Ігар Лосік адбываюць тэрміны пакарання ў Наваполацкай ПК-1 ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Лосік асуджаны да 15 гадоў зняволення паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў) і арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне варожасці ці варажнечы), Кузнечык – да 6 гадоў зняволення паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

Урачыстая цырымонія прайшла 9 снежня ў Вашынгтоне, узнагароды ўручыла кіраўніца Агенцтва глабальных медыя ЗША Аманда Бенэт, якая адзначыла асабістую мужнасць журналістаў беларускай службы Радыё Свабода і надзвычайную цану, якую яны плацяць за права выконваць свае прафесійныя абавязкі.

«Беларускім журналістам помсцяць за працу не толькі вялікімі тэрмінамі. Б’юць і па іхніх сем’ях. Нядаўна арыштавалі жонку Ігара Лосіка Дар’ю Лосік, якая засталася ў Беларусі і патрабавала вызвалення мужа. Ёй пагражае 4 гады турмы. Без таты і без мамы застаецца 4-гадовая дачка Лосікаў Паўліна. Двое малых дзяцей Андрэя Кузнечыка чакаюць яго ў Менску», – сказаў падчас уганаравання Алег Груздзіловіч, які пасля выхаду з-за кратаў быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і цяпер жыве ў Літве.

Ураджэнца Віцебску Андрэя Кузнечыка затрымалі летась, 25 лістапада 2021 году. У ягонай кватэры ў Менску адбыўся ператрус. Пасля затрымання сілавікі ненадоўга здолелі захапіць кантроль над тэлеграм-каналам «Радыё Свабода», з якім журналіст супрацоўнічаў у якасці фрылансера. На наступны дзень  Кузнечыка асудзілі судом Заводскага раёну Менску па адміністрацыйнай справе на 10 сутак, аднак 5 снежня на волю ён не выйшаў – быў зноў асуджаны тым самым судом яшчэ на 10 сутак. Але і 15 снежня яго не вызвалілі. Толькі 23 снежня сваякам стала вядома, што супраць Андрэя Кузнечыка распачалі ўжо крымінальную справу.

Да суду журналіста-фрылансера трымалі ў Магілеўскім СІЗА, разгляд ягонай справы адбыўся 8 чэрвеня 2022 г. у Магілёўскім абласным судзе. Суддзя Ігар Шведаў прызнаў журналіста вінаватым за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні, якім была прызнана беларуская служба Радыё Свабода. 1 верасня 2022 г. Андрэй быў этапаваны ў наваполацкую калонію № 1. МУС уключыла Андрэя Кузнечыка ў спіс асобаў, датычных да «экстрэмісцкай» дзейнасці.

Палітвязня Андрэя Кузнечыка міліцэйскія чыноўнікі залічылі ў “экстрэмісты”

Метки: , ,
Комментарии: