Відэакліп на песню полацкага гурта Sumarok прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам

Автор:
Опубликовано:
15
Март
2023
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Беларусь Витебская область Политика



У адпаведным спісе МУС з’явілася згадка пра тое, што 9 сакавіка суд Маладзечанскага раёну прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй відэаролік да песні «Чэрці», размешчаны на YouTube.com. Год таму, 24 лютага, суд Маладзечанскага раёну прызнаў экстрэмісцкім артыкул пра гэтую песню, надрукаваны ў мясцовай недзяржаўнай «Рэгіянальнай газеце». Аўтарам словаў і музыкі з’яўляецца Ігар Палынскі – жыхар Полацку, які цяпер вымушана знаходзіцца ў эміграцыі.

«Я напісаў песню яшчэ ў 2015 годзе. Калі пісаў, то згадваў выбары 2010-га і той трэш, які адбываўся пасля іх. Пэўны час песня існавала толькі ў канцэртных акустычных запісах, а ў пачатку 2020 году, дарэчы, я спяваў яе на Радыё Сталіца ў прамым эфіры. У чэрвені 2020-га мы вырашылі яе запісаць «у электрычнасці», бо «верыць у лёс Беларусі шчаслівы» (радок з песні – аўт.) – на той момант (ды і цяпер) было супервостра і важна. Але я не мог нават падумаць, што песня стане прароцкай, а «чэрці» неўзабаве акажуцца не ў галаве, а на беларускіх вуліцах – у шлемах, з дубінкамі, шчытамі і практычна поўнай адсутнасцю чагосьці чалавечага… На мяжы жніўня і верасня мы зрабілі: здымкі і мантаж зрабілі за суткі, усё з нулявым бюджэтам. Прэм’ера адбылася 29 верасня 2020 году. Гэта была першая спроба «Sumarok» у відэа», – расказаў Ігар Палынскі.

У кліп былі ўключаныя кадры, знятыя падчас пратэстаў у Маладзечне – туды Ігар Палынскі пераехаў з Полацку, і ў іншых гарадах. А таксама перадвыбарчыя мітынгі з удзелам Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкала. Але год таму гэта не выклікала ніякіх прэтэнзій, і «экстрэмісцкім» прызналі толькі артыкул пра песню, а не сам твор.

Цяперашнюю навіну пра ўключэнне і відэакліпа ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў аўтар песні ўспрыняў з гумарам.

«Здзейснілася, і кліп Гурт Sumarok на песню «Чэрці» прызналі экстрэмісцкім. Кліп быў так сабе, але песня, здаецца, неблагая», – напісаў Ігар Палынскі ў Фэйсбуку.

Артыкул пра відэакліп полацкага рок-гурту «Sumarok» залічылі ў «экстрэмісцкія матэрыялы»

Метки: , ,
Комментарии: