Вывучаючы Віцебшчыну. Кніжныя навінкі за 2024 год

Автор:
Опубликовано:
15
Ноябрь
2024
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Авторы Витебская область Культура


Гэты год, нягледзячы на ўсю тую атмасферу жаха, што назіраецца ў краіне, выдаўся даволі плённым на выданне кніг пра Віцебшчыну. Зробім невялікі агляд таго, што ўдалося адшукаць.

Нажны шпурляк. Навошта нам “футбол”?

Гэтым 400-старонкавам гістарычным зборнікам пра футбол на Аршанчыне адкрываем наш пералік краязнаўчых дасягненняў года. Аўтарства кнігі «На „Старт“ і ў „Тэмпе“» належыць журналісту з Воршы Арцёму Сізінцаву. Кніга пісалася шмат гадоў, утрымлівае розны даведачны матэрыял, і, на жаль, адзіная напісаная на беларускай мове з тых, пра якія распавядаем у гэтым артыкуле.

З улікам вузкай спартовай спецыялізацыі манаграфіі беларускамоўнасць выдання выглядае даволі вялізным падарункам як для аматараў спорта, так і для беларускамоўнай аўдыторыі. Выдавалася кніга ў выдавецтве «Скарына» па-за межамі Беларусі.

старт
Вокладка кнігі «На „Старт“ і ў „Тэмпе“» / gronka.org

Халакост на Віцебшчыне. Новае выданне Вінніцы

Ізраільскі гісторык аршанскага паходжання Генадзь Вінніца падрыхтаваў англамоўнае выданне сваіх навуковых даследаванняў па тэме катастрофы беларускага габрэйства.

Навуковец займаўся тэмай знішчэння і катавання габрэяў падчас Другой сусветнай вайны на ўсходзе Беларусі, але з большага фокус яго даследавання быў накіраваны менавіта на тыя землі, што зараз складаюць цэнтральную і усходнюю часткі нашай вобласці.

Манаграфія пад назвай «Holocaust in the occupied territories of eastern Belarus in 1941–1944» выйшла ў Ганноверы. Яна атрымалася даволі „тлустай“— 566 старонак.

Holocaust
Вокладка кнігі «Holocaust in the occupied territories of eastern Belarus in 1941–1944» / Сацсеткі Генадзя Вінніцы

«Витебск, который мы потеряли»

Выбітны віцебскі краязнаўца Аркадзь Падліпскі трымае высокі тэмп ў выданні сваіх прац. Кожны год кнігі выходзяць з-пад яго пяра. І 2024-ы не стаў выключэннем.

На гэты год прыйшлося ўнікальнае выданне пра той горад, які мы згубілі. Гэта своеасаблівы альбом з напамінам пра тое, што ўжо не пабачаш на вуліцах ды завулках нашага горада. Аўтар назбіраў больш за 300 ілюстрацый, з якіх больш за 260 — гэта дарэвалюцыйныя паштоўкі Віцебска, выдадзеныя ў канцы XIX і пачатку ХХ стагоддзяў.

vitebskkotoryjmypoteryali
Разварот кнігі «Витебск, который мы потеряли» / Віцьбічы

Стары Віцебск Таццяны Катовіч 

На лістапад прыйшлася прэзентацыя яшчэ адной кнігі пра абласны цэнтр — «Витебск: Спасская улица. Комиссар Путна».

Гісторыя Спаскай вуліцы і Духаўскай набярэжнай у Віцебску, архітэктурныя асаблівасці дамоў, асоба Вітаўта Путны, чыё імя носіць цяпер вуліца, паўстаюць на 132 старонках новага выдання доктара мастацтвазнаўства, прафесара Таццяны Катовіч. Кніга выйшла 14-й у серыі «SACRUM», заснаванай у 2017 годзе.

spaskayaulica

Віцебскі авангард жыве

На базе Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта ў гэтым годзе выйшла калектыўная манаграфія мясцовых дызайнераў пад назвай «Исследование витебского авангарда и использование его идей в дизайне графическом».

Даследчыкі — а іх 13 — працягваюць папулярызаваць ідэі творчага аб’яднання Сцвярджальнікаў новага мастацтва, вядомага пад скарачэннем УНОВИС. На 136 старонках аўтары разглядаюць досвед і спадчыну віцебскай мастацкай школы, даволі паглыблена разглядаюць яе ўплыў на сучасны дызайн ў розных яго галінах.

На жаль, выданне больш арыентавалася на студэнцкую аўдыторыю, таму вокладка ў кнігі зусім не дызайнерская, а зроблена пад шаблон метадычных “тытульнікаў”. Хаця кнігу можна была б выдаць і дзеля іншага — неўніверсітэцкага — чытача.

Загадка даты, места рождения и фамилии Марка Шагала. Любовь к нумерологии или просто заблуждение?

Метки: ,
Комментарии: