Хату віцебскай актывісткі прадалі з аўкцыёну за пазыкі па штрафах і падатках

Автор:
Опубликовано:
4
Июнь
2024
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебск Политика


Аўкцыён па продажы хаты Алены Янушкоўскай у вёсцы Суйкава Віцебскага раёна адбыўся 30 траўня. Актывістка, якая была вымушана пакінуць Беларусь у 2021 годзе, рыхтуе зварот у пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням тых, хто пазбавіў яе адзінага жытла. Сума запазычанасці актывісткі ў беларускі бюджэт складае 1436 рублёў 60 капеек. Яе жытло ацанілі ў 10 700 рублёў, а прадалі амаль у два разы даражэй. У гэтай хаце Алена Янушкоўская з сям’ёй пражыла больш за 15 гадоў.

На думку спадарыні Алены, яе хату за 18 511 рублёў набыў нехта «свой» — хто добра ведае мясцовасць і выгоды жытла, якое было выстаўлена на аўкцыён:

«У абвестцы быў указаны толькі метраж хаты і плошча ўчастка. Але ж вартасці гэтай хаты ў тым, што яна стаіць на ўскрайку вёскі, жывеш як на хутары. Літаральна за хатай – сажалка, у двары свая студня, ёсць магчымасці правесці вадаправод і газ. Вёска месціцца за 3 км ад горада, добрае транспартнае злучэнне. І няхай набылі маю хату даражэй, чым яе ацанілі ў БТІ, усё адно гэта значна заніжаны кошт».

Актывістка мяркуе, што продаж яе маёмасці ў той час, як яна знаходзіцца за мяжой, — гэта помста за грамадзянскую пазіцыю:

«Помсцяць з тое, што я не давала тут жыцця ўладам. Баюся, што мой выпадак – гэта такая «першая ластаўка», і што шмат з кім могуць зрабіць тое самае».

Алена Янушкоўская – аўтарка відэаблога «Настоящая Беларусь», у якім яна паказвала праўду пра няпростае жыццё ў беларускай глыбінцы. У 2020г. яна актыўна асвятляла грамадскія пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Наступствамі гэтага былі шматлікія затрыманні, штрафы і арышты – яны асабліва цяжка даліся сталай ужо жанчыне з інваліднасцю па хранічных захворваннях. У лютым 2021 г. Алена Янушкоўская была вымушана пакінуць Беларусь, дзе супраць яе распачатыя дзве крымінальныя справы.

8 траўня паводле рашэння КДБ прозвішча Алены Янушкоўскай было ўнесена ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў, які складае Міністэрства ўнутраных спраў. Прычынай стала жаданне ўзяць удзел у выбарах у Каардынацыйную Раду ў складзе

«Аб’яднаннея палітычных партый «Народная Грамада» і «Беларуская Хрысціянкая Дэмакратыя» «Салідарнасць».

vitebskspring.org

У сюжэце АНТ распавялі, як будуць адбіраць кватэры ў віцебскіх палітэмігрантаў

Метки: ,
Комментарии: