З навагоднім зваротам да беларусаў выступіла Святлана Ціханоўская
Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі, старшыня Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з навагодняй прамовай.
Зварот, апублікаваны за некалькі хвілін да наступлення 2024 года, меў незвычайную форму — размовы са здымачнай камандай на бэкстэйджы запісу самога ўрачыстага звароту, якая адбывалася адразу ў дзвюх мовах — рускай і беларускай.
Перед выступлением с новогодним обращением лидера демсил Светланы Тихановской в Беларуси блокировали доступ к площадке Youtube, на которой его показывали.
Святлана Ціханоўская нагадала, як шмат удалося беларусам дасягнуць і захаваць у 2023 годзе, заклікала іх не здавацца, працягваць праяўляць салідарнасць, дапамагаць адно аднаму, рабіць тое, што набліжае ўсталяванне дэмакратыі ў краіне, верыць у сябе і сілу свайго народу.
Адной надзеі на змены мала, адзначыла палітык, — трэба дзейнічаць.
«Падумайце, можа, вы ўжо робіце штосьці. І не трэба гэта абясцэньваць. Нават калі здаецца, што ў гэтым няма нічога грандыёзнага.
Прыгадайце „Марафон салідарнасці“. Да яго далучыліся людзі з 86 краінаў свету. І гэта быў не проста прыгожы жэст, а рэальная дапамога нашым палітвязням і іх блізкім.
Прыгадайце, як доктар, якому давялося з’ехаць у Польшчу, працягвае кансультаваць сваіх пацыентаў з Наваполацка, таму што яны ўжо 2 месяцы не могуць узяць талончык у паліклініку.
Ці як жанчына з Пінска, што раздрукавала ўлёткі „не вайне“, раскідала іх па суседзях. А там у яе чыноўнікі жывуць. Падаецца, невялікае дзеянне, але якое смелае!
Часта нам здаецца, што такія простыя рэчы наўрадці нешта зменяць. Аднак менавіта з іх пачынаюцца значныя перамены.
Нават мая васьмігадовая дачка, якая ніколі не мела беларускамоўнага асяроддзя, нядаўна заявіла, што хоча размаўляць на роднай мове. І цяпер кожны дзень у мяне пачынаецца са словаў „Добрай раніцы!“».
Беларусы — нязломная нацыя, сказала Ціханоўская.
«Нават у самых складаных умовах, пасля няўдалых спробаў мы не крычалі „Усё прапала!“, а шукалі новыя спосабы дамагчыся сваіх мэтаў.
І мы шмат чаго дамагліся. Часта — не дзякуючы, а насуперак.
Насуперак рэпрэсіям запускаем ініцыятывы і аднаўляем медыя. Насуперак русіфікацыі размаўляем па-беларуску і адзначаем нацыянальныя святы. Насуперак новым указам і падаткам прадпрымальнікі развіваюць свой бізнес.
Медыкі ратуюць жыцці, нягледзячы на адсутнасць лекаў. А нашыя бабулі ўжо не вераць прапагандзе, таму што ўнукі навучылі іх глядзець YouTube.
І ўсё гэта мы робім, нягледзячы на стомленасць, злосць і расчараванне».
Беларусам варта пачаць цаніць сябе, лічыць палітык.
«Мы маем вынослівасць, каб адказваць на выклікі. Крэатыў, каб ствараць новае. Сумленнасць, каб прызнаваць памылкі. Працавітасць, каб брацца нават за самыя складаныя задачы. І вялікае сэрца, каб дапамагаць адно аднаму».
Ціханоўская падкрэсліла, што пра беларусаў памятаюць у свеце, падтрымліваюць і гатовыя дапамагаць, але не варта думаць, што нехта можа вырашыць нашы праблемы за нас.
«Зрабіць гэта можам толькі мы самі. Толькі ад нас з вамі залежыць, як будуць ставіцца да Беларусі. Нам будуць дапамагаць толькі тады, калі мы будзем дапамагаць адно аднаму.
І мы робім гэта ўсё не дзеля чагосьці абстрактнага, мы хочам вельмі зразумелых і простых рэчаў, і хочам іх заслужана.
Мы хочам вярнуць наш дом і быць у ім гаспадарамі. Хочам пачувацца ў бяспецы. Жыць у краіне, дзе ўлада паважае людзей, а не пагарджае імі».
У Новы год Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў «выдыхнуць» і знайсці нагоду для гонару за сябе.
«Мы всегда куда-то торопимся. Закончить работу, успеть всё по дому, прочитать важные новости… Но сейчас, когда мы провожаем этот непростой год, возьмите маленькую паузу. Выдохните.
Подумайте о человеке, которого за всем происходящим легче всего забыть — о себе. Ведь каждый из нас — живой человек, который заслуживает любви, уважения и заботы.
Найдите то, за что вы собой гордитесь — уверена, такое есть. Скажите себе спасибо. За то, что выстояли, не очерствели.
Знаю, может казаться, что вокруг хаос. Легко запутаться и потерять себя. Мы все разные. Но помните, у нас всегда есть то, что нас объединяет».
Фінальную частку зварота дэмакратычная лідарка прамовіла па-беларуску.
«Дарагія мае беларусы!
У мяне няма адказаў на ўсе пытанні. Я не ведаю, што нас чакае ў новым годзе. Я не буду казаць вам, што ўсё будзе добра.
Многія рэчы нам даводзіцца рабіць насуперак. Але ў новым годзе я хацела б, каб у нас з вамі было менш „насуперак“ і больш „дзякуючы“.
Дзякуючы салідарнасці, мы зможам вызваліць палітвязняў.
Дзякуючы нашаму адзінству, мы здабудзем новых саюзнікаў у свеце.
Дзякуючы нашай мудрасці, будзем рабіць менш памылак.
Дзякуючы нашаму жыццялюбству — больш усміхацца і падтрымліваць адно аднаго.
І галоўнае, дзякуючы сіле нашага народа, крок за крокам разам ісці да свабоднай і незалежнай Беларусі».
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!