“Жэстачайшыя зачысткі” на Віцебшчыне
Як стала вядома, яшчэ напярэдадні 8 сакавіка ў Глыбокім пачаліся так званыя жэстачайшыя зачысткі нелаяльных да ўлады людзей. За лайкі, падабайкі і рэпосты ў сацсетках былі затрыманыя некалькі чалавек і асуджаныя на суткі. Некаторыя з іх сядзяць да гэтай пары. Вядома, гэтых людзей звольнілі, сярод іх былі і работнікі Глыбоцкіх электрычных сетак.
Але сілавікам гэтага было мала і за тыдзень да Дня Волі ГУБАЗіК і АМАП зноў зрабіў жорсткія зачысткі на Віцебшчыне. Не абмінула гэта і глыбачан. У горадзе сілавікі працавалі як мінімум тры дні, і на гэты раз затрымалі шмат жанчын. Кагосьці выводзілі з дому, а кагосьці забіралі з працы ў кайданках на вачах у іншых работнікаў.
Сілавікі рабілі ператрусы, забіралі камп’ютары, ноўтбукі, тэлефоны ды іншую тэхніку. З некаторымі запісвалі пакаяльныя відэа і адпускалі, а кагосьці садзілі на суткі, штрафавалі, на некаторых нават завялі крымінальныя справы. Вядома, што крымінальную справу збіраліся завесці і на жыхара Глыбокага, фітнес-трэнера Аляксандра Шарабайку за абразу Лукашэнкі.
Затрымліваючы жанчын, сілавікі прымянялі кайданкі і часам выводзілі іх у позе ластаўкі, не шкадуючы нават хворых на анкалогію. Але, праўда, некаторым жанчына пасля прапаноўвалі абраць суткі ці штраф на выбар.
Штрафы даюць розных памераў – ад 20 да 100 базавых велічыняў, у залежнасці ад наяўнаясці дзяцей, прыбытку, бізнесу ды іншых крытэраў.
Для тых, каго пасадзілі на суткі, ад родных не прымаюць перадачы і падчас сну забіраюць у людзей матрацы. Раней такога не назіралася ў невялікіх гарадах. Відаць, далі такую каманду зверху. Таксама забралі на суткі столькі народу, што не ўсе змясціліся ў Глыбоцкі ІЧУ, таму прыйшлося частку адвезці ў суседнія раёны.
Сярод затрыманых шмат настаўнікаў ці былых настаўнікаў.
Таксама не абмінулі зачысткі і самы бедны пасёлак у Віцебскай вобласці – Шаркаўшчыну. Там таксама былі ператрусы, штрафы і затрыманні.
Затрымалі настаўнікаў за ўдзел у акцыях пратэсту, прынамсі вядома пра сям’ю Барыса і Ніны Лонскіх, якіх вельмі паважаюць у раёне і лічаць добрымі людзьмі і настаўнікамі. З імі таксама былі запісаныя пакаяльныя відэа.
Таксама вядома пра ператрусы і затрыманні ў Докшыцах. Затрымалі Таццяну Дорц і Вераніку Судніковіч. На Таццяну склалі пратакол па артыкуле 24.23 КаАП за малюнкі ў сацсетках, яна ў ІЧУ да суда ў панядзелак, 20 сакавіка. Пра Вераніку Судніковіч пакуль нічога невядома.
Таксама вядома і пра звальненні людзей, якіх улады лічаць нелаяльнымі ці якія дзесьці “засвяціліся”, і на Лепельшчыне.
Людзей выклікаюць і ў КДБ за данаты праз фэйсбук. Сілавікі паказалі відэа з Яраславам Пачопкам з Глыбокага, які кажа, што прыйшоў з павінай за тое, што восенню 2020 года заданаціў у фонд BYSOL.
Сілавікі настойліва прапануюць напісаць людзям яўку з павіннай за фінансаванне так званай экстрэмісцкай дзейнасці і пералічыць кудысьці грошы ў пяцікратным ці нават дзесяцікратным памеры (рахунак дзіцячага дома ці на іншыя рахункі, якія ім укажуць). Такім чынам Следчы камітэт абяцае актывістам не заводзіць на іх крымінальныя справы.
У Віцебску сёння затрымалі галоўнага рэдактара «Народных навін Віцебска» Сяржука Серабро
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!